Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 10
Віктар Карамазаў
Туды, дзе неба, у тую чысьцiню, усе iмкнулiся. Адны ляцелi на белых крылах, другiя караскалiся па чорных лесьвiцах, зрывалiся з iх, бразгалiся вобзем, ачуньвалi, зноў паўзьлi да лесьвiцаў, па iх дзерлiся на неба. Нехта з бяскрылых ляцеў на парасоне — i ён да сонца? З каменьня будавалi гмахi ў неба вышэй ды вышэй, а пад гмахамi ляжалi руiны раней пабудаваных гмахаў. нават i вежа Вавiлонская стаяла, дакладней — камель ад вежы, як помнiк дурням. Той вышынi шукалi i самыя ўбогiя — гарбамi беспрасьветных халуёў масьцiлi шлях да ката, хлуса ў белай сарочцы, пад гальштукам прыстойнасьцi, кесара саманазванага, якi ўзяў свой партрэт у дарагую раму i даў чэрнi: малiся Бацьку — трапiш у рай. I халуi, здрадзiўшы Богу, малiлiся пачвары.
Тэатр абсурду аблiваўся потам — ад веку ў век.
Мастак усё i ўсiх бачыў. Аднымi захапляўся, з другiх сьмяяўся, усiм, як хрысьцiянiн, хацеў пасобiць, нават халуям i кесару, даючы адным — крылы, другiм — розум. А сам працаваў дзень пры днi. Былi i ночы — адпачынак. Спаў, як Харытон, бацька, да раскулачваньня, кулак падклаўшы пад галаву, напрацаваўшыся, аж сiлаў ня маючы дайсьцi да ложку. Анёлы над iм ня спалi, сон мастака ахоўвалi ад злыдняў, а ён i ў сьне ткаў працягi жыцьця — сюжэты, вобразы, каляровыя кiлiмы. Чуў пошум крылаў. Лёталi анёлы цi птушкi? Цi сам ляцеў далёка i высока? I сам, вядома. Бо ведаў, што мастак бяз крылаў — Сiзiф, якi нiколi ня ўскоцiць на Алiмп свой камень.
То ляцеў, то плыў.
А куды плыў?..
Дняпром — у Кiеў
Параход быў ну проста дзiва: сам бялюткi, труба над iм чорная, яе працяг у небе — чорны дым, па борце справа — вялiзнае кола, як у Пампеевым млыне на Брагiнцы, з лапамi-клацамi, каб ваду грэбсьцi, па рацэ — пялёх, пялёх, пялёх. Ад Камарына па Дняпры ў Кiеў ён, небарака, пялёхаў ноч i дзень — суткi. Вёз у старажытную сталiцу палешукоў з мяхамi, хатылямi, скрынямi.
Была ноч першага лета пасьля вайны, лiставаў трэцi ад вайны месяц — жнiвень. Людзей на параходзе — што селядцоў у бочцы. Гаўрыла зьнёс драўляны чамадан па вузкай лесьвiцы ў трум, пралез памiж людзей да трубы, якая гнала дым у неба. Труба была добра цёплая. Пад ёю паставiў чамадан, сеў на яго, загарнуўся ў салдацкую коўдру, якую мама зьмяняла на малако i, як зьбiраўся ў дарогу, паклала ў чамадан, сьпiною прыхiнуўся да трубы i заснуў.