Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 6
Віктар Карамазаў
— Што яшчэ?
— Мы з Гогалем пераадольвалi зямное прыцягненьне, ляцелi ў неба, у космас, бывалi там, дзе зоркi, месяц, адтуль бачылi зямлю, свае хацiны, як бачыў Хама, калi ляцеў на ведзьме.
Тады i печ — ня проста печ з чыгуном бульбы цi капусты, ня толькi грэлка да сьпiны, да ног. Гэта таксама, нават, можа, найперш гэта, але ж ня толькi — яшчэ i карабель касьмiчны.
Ну, а дарога як трапiла ў iканастас? За якiя заслугi? Што вяровачкаю бяжыць памiж людзей, вёсак, гарадоў, усiх ды ўсё на зямлi зьбiрае ў сем’i, род, народ, дзяржаву? Апiрышча нагам у вандроўках?
— Тут iх дзьве побач, — кажа мастак. — Адна старая, коламi выбiтая да белага пяску, а другая новая, яшчэ ня выбiтая, цёмная, пракладзеная ў аб’езд, каб не загрузнуць. Скрозь гэтак на Палесьсi.
А што яшчэ яны, дзьве побач, кажуць, сьветлая ды цёмная? Што адна — да сьвятла, другая — у цемень, што ў кожнай свая мэта, доля, сваё наканаваньне, хоць i пралеглi побач. Загадка выбару: якой iсьцi альбо ехаць?
— Ваша найпершая ў далёкi сьвет?..
Я ведаў, што яна легла ад чырвонай брамы i што чырвань на браме ня толькi ад заходу сонца — за ёю ўшчэнт згарэла ад войнаў ды рэвалюцый ажно тры хаты.
— За браму я надоўга выйшаў у сорак пятым. У Камарын, адтуль — Дняпром у Кiеў. Год быў цяжкi. Ехаў вучыцца. Брат Мiкалай дэмабiлiзаваўся з армii, працаваў аграномам i палову заробку пакiдаў сабе, а палову, па-брацку, аддаваў мне. Пасаблялi вучыцца, як маглi, i мама, i дзед Мiхась, i нават баба Сынклета.
Баба Сынклета сядзела на парозе i ў мiсе на прыполе трымала яйкi. Нiбыта несла з-пад курэй i села перадыхнуць, на яйкi падзiвiцца: чысьцюткiя, бялюткiя, буйныя.
— Яйка ў вёсцы было сiмвалам жыцьця. — Во як! — А фiласофiя Сынклеты ў чатырох словах Iовы: Бог даў — Бог узяў. Тут — i жыцьцё чалавека, i ўвесь сьвет. Бог даў жыцьцё — жывi, пра сьмерць ня думай, Бог пра яе падумае, жывi так, каб Бог ад цябе не адвярнуўся. Гэтак Сынклета i жыла. Верыла ў Бога i веру сеяла па людзях. А я, бывала, як да яе зайду, дык i перахрышчуся. Нiдзе больш, а ў яе заўсёды.
Сынклета, як я адчуў, гонар мастака, як i Пампей, у сьвятым нiмбе. А бацька, мацi?
— Ад мамы я вучыўся працаваць. Кладзешся спаць, а яна яшчэ працуе, прачнешся — яна ўжо працуе. Калi спала, мы, дзецi, ня бачылi. I чым далей жыву, тым больш пераконваюся, што навука працаваць для мастака самая патрэбная. Якi б талент нi быў, а без вялiкай працы мастак не атрымаецца.
Партрэт мацi ў цэнтры на сьцяне. Вакол яе — сыны, вясковыя кабеты, крыжы, хаты, дарогi, ручнiкi. I нават — Жыцень.
— Мы з братам ведалi шмат народных песьняў, паданьняў. Ад мамы, ад дзеда Мiхася, ад Сынклеты. Пра Жыценя мама казала. Дзядок невялiчкi, валасы тырчаць ва ўсе бакi, прыгнуты, iдзе нячутна, добры, але як раззлуецца, то бяды наробiць. Увосень, ходзiць па палетках ды выглядае, хто як працаваў. Убачыць бароды непрыбранага калосься — зьвяжа ў сноп i сноп паставiць на чыста прыбраным полi. Там, дзе знайшоў бароды, у наступным годзе збажына не зародзiць, а дзе паставiў сноп — зародзiць. I дзед Мiхась казаў, што злаваць Жыценя ня трэба, а то завяжа жыта ў вузел — бяды не мiнеш. I што птушак любiць, аберагае.