Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 57
Віктар Карамазаў
Аднойчы ён пад’едзе да роднай вёскі — спыніць калючы дрот. Праз сьцяну дратоў, што ўзьнікла паміж ім і вёскай, будзе ўглядацца ў злавесна-абноўлены пейзаж маленства і заплача ад болю, што родны кут ня пусьціць да сябе. Сябе адчуе ў тых дратах. І бацьку, ягоны боль, у дратах ГУЛАГу. І напіша «Смутак» — чыкалавіцкую жанчыну, паляшучку, якая праз сталёвыя драты глядзіць на родную сялібу.
Ад тых дратоў дарога застанецца толькі ў адзін канец, назад, ды сэрца з лёсам ня зьмірыцца, і мастак зноў сюды прыедзе, ужо не адзін — з людзьмі кіно. Сяброў будзе цікавіць бяда, яе ўся, напоўніцу, мера, яны будуць рабіць сваё, здымаць бяду на кінаплёнку, а ён будзе шукаць па вёсцы хоць нейкія драбочкі былое радасьці жыцьця. Яны сваё, што трэба, знойдуць, а ён — не. Яны будуць здымаць кадры да фільмаў «Адлучэньне» і «Смутак», а ён — углядацца ў роднае і ўжо чужое. Вось котлішча — стаяла хата, што з мамай, братам Міколам і дзедам Міхасём ладзілі адразу пасьля вайны на папялішчы. Калі ўжо брат забраў маму да сябе на Украіну, у хаце жыла з дачкою чужая бабуля. Потым яны пераехалі ў суседнюю вёску і хату з сабой павезьлі. А вось старая таполя, на ёй заўсёды была бусьлянка. Цяпер таполя ўсохлая, ані лісьціны, бо плюшч аблытаў, высмактаў з яе ўсе сокі. Вось сад, які пасьля вайны, прыехаўшы з вучэльні, сам садзіў, дзічкі з лесу прыносіў, прышчэпліваў. Сад і цяпер у яблыках. А наймацней зарадзіла любімая, бяз назвы, чырвоненькая. Пайшоў далей — уся вёска ў яблыках. І нікому не патрэбныя. Сьцежак няма, пазарасталі, платы паваленыя ці ветрам, ці якой бядою, гнілі ў траве, у крапіве вышэй за чалавека, саламяныя стрэхі паправальваліся, кроквы тырчэлі з саломы, падобныя на рэбры мёртвых істотаў, дзе быў шыфер — кроквы ды латы, бо шыфер пазьдзіралі марадзёры. І вокны, дзьверы, дзе былі мацнейшыя, павыдзіралі з хатаў. Няма дзьвярэй ды вокнаў — туды, у дзіркі, палезьлі зьдзічэлы вінаграднік, хмель, ажно праз стрэхі павыбіваліся да неба. А самае жахоцьце — мёртвая цішыня. Ні галасочку. Як ад’язджалі, ужо цёмначы, на другім канцы вёскі агонь у хаце бліснуў і патух. Быў нехта, запаліў, ды патушыў хутчэй, каб сябе ня выдаць. Ціша, аж сэрца замірае, і яшчэ паветра — чужое, пустое, мёртвае. Толькі з аднаго хлява праз выламаныя вароты дыхнула яшчэ ня выпетраным гноем. Зайшоў у хлеў — пуста, але па сьлядах-ямках было відаць, што дзікі жылі. Ішоў і думаў: за што вялікай, амаль на чатырыста двароў, вёсцы гэтакая кара? За якія грахі? Спытаў, можна сказаць, несьвядома, як чалавек пытаецца заўсёды, калі бяда: за што? А як падумаў ды ўспомніў, што адбывалася ў вёсцы і да вайны, і ў вайну, і пасьля вайны, дык і язык не варухнуўся, каб апраўдаць. Не было за што? Хоць і царкву ўспомні — якія зьдзекі! Спачатку зрывалі з яе крыж. Знайшлі бязбожніка, напаілі, у даху зрабілі дзірку, яго — у тую дзірку з вяроўкаю, залез на купал, вяроўку на крыж накінуў — звалілі крыж. Мужык і сам зваліўся. Мядзьведжая хвароба ўклала, панос звычайны, паляжаў з тыдзень — і пахавалі. З царквы зрабілі клуб, каб дзеці ў ім грашылі, але яшчэ ня дурні былі бацькі — скакаць у царкве іх не пусьцілі. Прадалі царкву на цэглу ў суседнюю вёску. Пачалі бурыць і не ўзялі ніводнае цагліны — рассыпалася на друз. У тых руінах дзеці ў вайну гулялі — вайна аж два разы агнём выкаціла вёску. Паставілі там, дзе царква стаяла, школу — школа згарэла. Паставілі новую — а ўжо і дзетак ня стала ў вёсцы, ня стала каго вучыць. І вось — за дрот калючы вёску пасадзілі.