Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 56

Віктар Карамазаў

Мы гаварылі пра тое, што нашыя людзі вастрэй прадчуваюць бяду, як радасьць, бо вопыт бяды ў нас нашмат большы за вопыт радасьці.

— Але Чарнобыль хто прадбачыў? — спытаў я.

— Мы яго чакалі і нават прысьпешвалі, — адказаў ён.

Спрадвечная дарога ў вёску да зямлі як да жыцьця ператваралася ў дарогу з вёскі, ад зямлі — да жыцьця, і гэта было для вёскі ня стратаю Івана ці Мар’і, а стратаю самое сябе, самапахаваньнем. Мастак, селянін ад роду, адчуў гэта як страшэнную катастрофу.

У яго ёсьць, тады ўжо была, карціна: ляжала дрэва, сьпілаванае ў пні, а за тым пнём стаяла безьліч пнёў ажно да далягляду, і зрэз кожнага пня блішчаў д’яблавым вокам. Усе разам пні зьліваліся ў шлях, а над тым шляхам разлягалася неба, дзе воблакаў было столькі, колькі пад імі пнёў, кожнае здавалася адбіткам пня, і з кожнага воблака сачылася пагроза сьмерці, якая таілася ў кожным пні на зямлі. Зямля ад неба мела тую ж ласку, якую засявала на сваіх аблогах, і пнямі брукаваны шлях вяртаўся з неба на зямлю тым самым брукам сьмерці.

Пісаў дарогі, больш прасёлкавыя, у вёскі ды з вёсак, шмат дарог, як быццам пракладаў, каб людзі імі вярталіся ў вёскі, ці ўжо, зьнявераны, выводзіў з вёсак? А па дарогах стаялі хаты, слупы, крыжы, дрэвы, камяні. Усё роўна як сам блукаў па тых дарогах і спыняўся: вось — перад хатай, вось — перад дрэвам, вось — перад крыжам. І ўглядаўся, і думаў. З гадамі думка мастака станавілася ўсё больш трывожнай ня толькі там, дзе бачыў і пісаў, але і ў прадчуваньнях. Сучаснасьць, натура, рабіліся падмуркам прадчуваньняў: куды ідзем і што нясем? што нас наперадзе чакае? Маладое, яшчэ ад першае ў жывапісе настаўніцы Яблонскай, крэда — пісаць і славіць прыгажосьць зямную — хвалюе мастака, як і раней хвалявала, але прыгожае ўсё часцей не мела згоды з рэальным днём, які ён бачыў, пісаў. Як прымірыць іх? Яго, як маладога, чаравала прастора зямлі, вады і неба роднага Палесься, ён гэта пісаў, даваў карціне назву радочкам з верша незабыўнага Уладзіміра Караткевіча «Паміж Дняпром і крыкам жураўліным», у ёй адкрываў звонкія глыбіні хараства прыроды, але ўсё тое хараство было ўжо з мазочкам трывожнай чырвані ў аблачынах. Тады, як напісалася карціна, да Чарнобылю, мазочак можна было і не заўважыць, заўважыўшы, сьпісаць на схоны дня, захад сонца, але Чарнобыль даваў мазочку іншы акцэнт і сэнс — сэнс прадчуваньня і акцэнт бяды. І ўжо здавалася, што гэта там, у той самай прасторы, мастак пісаў «Боль на стагоддзі»: блакітны, з-пад птушыных крылаў, з прысмакам стронцыю ды ёду, дождж на раскошу траваў і кветак, радыяцыйную залеву, пад якою і кропля чырвані ператваралася ў чырвоную, як кроў, паводку.