Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 58

Віктар Карамазаў

Позна, цемначы, пакідалі Чыкалавічы — загразьлі ў калюжыне. Спачатку жартавалі: вёска не пускае. А як пабузаваліся пад коламі ў гразі ды адчулі, што пасобіць няма каму, навокал пуста, мёртвая зямля — куды і жарты па­дзеліся.

Уражаньні ад той паездкі на гады прывяжуць мастака да мальберта. У трагедыі Чыкалавічаў ён ня толькі ўсьвядоміць, але сэрцам, да болю, адчуе трагедыю ня столькі асабістую, нават і роднай вёскі, як усяго Палесься, Айчыны, сьвету. Увесь сьвет убачыў і адчуў у трагічным вобразе сваёй, ім выгадаванай, яблынькі. Да сьлёз усхвалявала, як яна яго сустрэла гарою найбуйных чырвоных яблыкаў, а ён, з маладосьці ведаючы яе мядовы сок, узяў адзін з усёй раскошы, у руках патрымаў і не паклаў на зуб, паклаў у кішэню, як нейкую не для ежы рэч, ведаючы, што ў ім ужо ня мёд, а стронцый. За садам жоўтай сьмерцю стаяла і ня рухалася, як прывязаная, хмара. А ён тое пісаў. І яблынку, і ўсю, здаецца, чырвань яблыкаў, і хмару — сьмерць. І не сылгаў нават у назьве карціны: «Зона стронцыю». А ці лёгка было гэта сказаць, ведалі толькі ён сам ды Бог. Як толькі яны ўдвух ведалі і тое, якою мераю пакут мастак разводзіў на палітры фарбы, калі пісаў «Зорку Палын». Там — воблака, плыло над вёскай, як быццам з тых, што бачыліся ў маленстве то Пальмай, то Красуняй, былі падобныя на Машку, на яе вымя, у якім насіла з пашы малако. Было і тое воблака нібыта вымем, але не з малаком, з атрутаю, як яблыка ў «Зоне». Атрута была разьлітая і па дарогах, якімі жанчыны з вёсак выносілі свой скарб у посьцілках («Сыход»); у паветры надмагільных бярозаў і хвояў, да якіх людзі несьлі яшчэ адну дамавіну («Адмучылася»); пад небам «Чарнобыльскага рэквіема», пачуўшы і ўбачыўшы які, цьверазелі ня толькі крамлёўскія сейбіты чарнобыльскай бяды, але і Парыж, які яго бачыў на выставе; праменіла з вяночка дзяціных чарапоў-галовак вакол мадонны беларускага Палесься («Выбух»). Боль ды гаркоту ліў з сэрца. А як выліць, калі бяздоньне?

Пісаў з натуры, але пісаў і тое, што не ўкладалася ў канкрэтныя абрысы, абстрактны роздум, у ім таксама шукаючы ачышчэньне ды прасьвятленьне. У канкрэтным не сустрэўшы, уяўляў у абстрактным. Браў чалавека галяком, каб не хаваў сваё аблічча ў вопратках, такога, які ён ёсьць, голым азадкам садзіў на ўзвышак зямной планеты, зьверху над ім вывешваў круглы, нібыта кратэр вулкану, космас і прымушаў абарыгена думаць, сябе рэальна суадносіць з усім сьветам, з зямною і касьмічнаю прасторай. Чыніў над галяком суд? Не — самасуд. І не чыніў, а толькі падказваў, даваў магчымасьць самаачышчэньня. Што ж ён, галяк? На самасуд згадзіўся? Маўклівага як прачытаеш? Даў твар — убачыў, што маска: няма ёй веры. Твар змыў, пакінуў формы галавы, як зьмесьціва мазгоў, і рукі, ногі — нямко. Убачыў над галяком касмічную расколіну, як папярэчыну крыжа, — павесіў на яе, над галавою, вянок. З лаўра або церна? Было пытаньне: дай лаўр — адчуе сябе богам, убачыць церн — сканае ад страху, а навошта? Сьплёў разам і церн, і лаўр — даў выбар. І што галяк выбраў? Згарнуўся, уціснуў галаву ў плечы, твар, якога і не было, — бацнуў на калена, а мастаку ў вочы — круглая плеш. Калоціцца, вядома: душа раба. А што найбольш жахлівае, як ня раб?