Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 55
Віктар Карамазаў
Стаяў ды ўглядаўся: куды я трапіў? куды пайшлі жанчыны? куды, каму панесьлі клункі?
Тады Чыкалавічы ўбачыў. Там, у маёй вёсцы, хіба ня гэтакія крыжы ды клункі? Пад клункамі хіба ня гэтакія сярод крыжоў жанчыны? Аж сэрца заняло ў грудзях...»
Крыж-накрыж
Зіму ён хварэў.
Аднойчы я наведаў яго і ўбачыў, што на мальберце замест легенды Гальшанаў з пагоняй стаіць яшчэ большы памерам падрамнік. На палатне — вясковая вуліца, хаты, пазабіваныя дошкамі вокны, на другім баку вуліцы слуп з абарванымі правадамі, на правадах зачапілася і вісіць нібыта прасьціна з расшкуматанага ложка, падобная да белага ветразя. Як прасьціна здалася ветразем, дык адразу і слуп падаўся мачтаю карабля, а паколькі слуп стаяў моцна пахілены, як ля зямлі падсечаны, дык і карабель разам з вуліцаю, хатамі, платамі набок хіліўся, быццам у Бермудскім віры цярпеў крушэньне. А пад ветразем, пад рэштай плота сядзела вялікая прыгожая лялька, і яе блакітныя вочы глядзелі мне ў вочы, пыталіся: дзе тая дзяўчынка, што любіла з ёю гуляць?
Мне прыгадалася молада-ўпэўненая дэкларацыя мастака: «Жывапіс павінен сьцьвярджаць прыгожае...» Але адразу пачуў і думку, яго таксама: «Мастак павінен быць заўсёды сучасны...» Паміж імі, першай, аднойчы занатаванай, і другой, пазней выказанай, ляжала гадоў трыццаць жыцьця ды працы ў мастацтве, і гэты прамежак часу іх абедзьве вытлумачваў, а першую яшчэ і апраўдваў. Лялька з-пад плоту глядзела на мяне вачыма жывога сучасьніка, і я, забыўшы, што гэта лялька, губляўся, ня ведаючы, што ёй адказаць на пытаньне пра дзяўчынку.
За год да выбуху ў Чарнобылі яму страшэнна захацелася пабыць у вёсцы з малодшым сынам, паказаць сваю радзіму. Было адчуваньне: або цяпер, або ніколі. Сын якраз скончыў школу, паступіў у інстытут, да заняткаў і ў яго, і ў бацькі выдалася дзён дзесяць вольных, і яны паехалі. Што ў вёсцы зьдзівіла сына? Як шмат у яго радні. Кожны дзень ішлі ды ехалі сваякі, каб пабачыцца, дзьверы не зачыняліся ад раніцы да ночы, і як хто ў хату — на стол гарэлка, пачастунак. Сын узмаліўся: сап’юся, бацька, як адсюль зьбегчы? Выехалі праз пяць дзён, бо на дзесяць сілы не хапіла. А яшчэ што ўразіла? Як памірала вёска. Ужо тады хаты праз адну стаялі пустыя — крыжы на вокнах. Толькі і размова: паехаў з вёскі той, паехаў гэты. І амаль усе па шчасьце ехалі ў Чарнобыль на атамную станцыю. Бо блізка і там за працу плацілі. Чалавек жа меўся зарабіць, каб жыць...