Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 59

Віктар Карамазаў

Дзе ж прыгажосьць? Як адшукаць яе сярод рабоў? Ці крэда — славіць прыгажосьць — было часовым, у маладосьці, калі па белай лесьвіцы ў неба вяла Тацяна Нілаўна, даючы ўрокі рамантызму, каб у суровыя пасьля вайны гады яе падлеткі ня страцілі смак да жыцьця ў радасьцях ды колерах па­літры?..

Аднойчы настаўніца прыехала ў Менск, знайшла яго майстэрню. Сядзелі за сталом і пілі каву. Вялі размову пра мастацтва, жывапіс. Яна была ўжо ў гадах далёка не маладых, а ён — далёка не юначых. Яна паміж глыточкаў кавы глядзела яго работы, а ён, забыўшыся пра каву, чакаў, што скажа пра іх настаўніца — ці ёсьць расчараваньне вучнем?

Сказала нечакана:

— Мне ў цябе цёпла.

А ён тады падумаў: гэта — пра чырвоную палітру? Заўважыў:

— Палітру я не выбіраў. Мне яе ў рукі дало Палесьсе. Вы ці бачылі нашыя паляшуцкія ручнікі? Чырвонае па белым. І чорнае па белым.

На гэтае пытаньне яна яму адказала праз паўгода, а ў той вечар, пакідаю­чы майстэрню, устала з-за стала і доўга стаяла перад «Чырвонай брамай», якая вісела на сьцяне ў яго прыватным іканастасе.

Прайшло паўгода.

У Кіеве быў пагодлівы дзень красавіка. За сьпіной прымоўк, нібыта спыніўшы ў бетонных берагах сталічны рух, Крашчацік, а ўперадзе з-пад ног угару вёў белы мармур вясковым сонцам памытай і адпаліраванай да бляску лесьвіцы. Гаўрыла з Мацільдай падымаліся па лесьвіцы вышэй і яшчэ вышэй, і ён у гэты час ня думаў, куды вядзе іх белая дарога. Але прыступкі скончыліся — апынуліся на белым мармуры пляцоўкі. Ён сказаў:

— Калі мы былі маладыя і гэтай лесьвіцай Тацяна Нілаўна вадзіла нас, жаўтаротых мастакоў, мне здавалася, што лесьвіца — да сонца, і што настаўніца дарэмна спрабуе давесьці нас на тую вышыню.

— Вунь і яна.

Ён угледзеўся перад сабою і ўбачыў знаёмы ўваход у музей мастацтва. Дзьверы былі адчыненыя і праз іх з лона музею на белы мармур пад нагамі праменіла малінавае сьвятло. Абапал стаялі ў чорных фраках людзі, а найбліжэй, на малінавым фоне ды на фоне чорных фракаў стаяла ў белым Яблонская з букетам чырвоных ружаў.

Ён быў пайшоў насустрач, але ў гэты час да ног на белы мармур зьверху зьляцеў зялёна-залацісты ліст каштана. Над ім схіліўся, падняў і паклаў, як дарагую рэч, у нагрудную кішэню свайго параднага пінжака. У Нацыянальным музеі сучаснага ўкраінскага мастацтва адкрывалася выстава мастака беларуса Гаўрылы Вашчанкі.

P. S.

Агромністы чырвоны бык імчаў па небе з захаду на ўсход. Пад прагнымі малавыразнымі вачыма ў шырокай лбіне блішчала незямная зорка і два магутныя рогі над ёю ў сваім адзінстве здаваліся злавесным маладзіком у небе. Але найбольшай нечаканасьцю карціны была прыгожая ў натуральным выгля­дзе дзяўчына. Яна сядзела на сьпіне быка з расьплеценай ільнянаю касою, з якой на стрэчным ветры выбілася і ляцела белая стужка. Вакол быка з дзяўчынай плылі аблокі, а пад імі — палеткі, лясы, азёры.