Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 54

Віктар Карамазаў

«Прышвартаваліся і начавалі ў тым месцы, дзе Пціч уліваецца ў Прыпяць. На нашым беразе стаялі палаткі геолагаў. Да глыбокай ночы яны варылі юшку, вячэралі, частавалі юшкаю нас, расказвалі пра нетры Палесься, адкуль тут столькі рэк і балотаў. Аказваецца, што пад намі, палешукамі, агромністае гранітнае плато, той самы крэмень, з якога продкі здабывалі агонь і які ў нас валяецца па ўсіх дарогах і які, хоць малы драбок, мудры чалавек не адкіне, ня зглуміць, а прынясе ў дом, настоіць на ім ваду, гарэлку, лекі, настоямі на крэмені сябе прамые, ачысьціць ад хворасьцяў. Кажуць, што гэтае крамянёвае плато, калі прыкласьці рукі, дасьць беларусам нечуваныя багацьці, шчасце, бо крэмень — ядро зямлі, яе магніт, жыцьця падмурак. Бог нам яго даў, каб жылі ды не тужылі, а мы?..»

Зноў у лоцыі замалёўкі краявідаў.

Дарогі ляжаць па ўзгорках, палетках, бягуць у адным напрамку, а паміж іх — хвоі.

Ідзе дарогаю жанчына з вялізным клункам на сьпіне. Сьпіна, клунак, пад імі — таўстыя ногі. А твару не відаць. Як і няма. Яе ўвесь твар — у цяжары, які на ёй, яе згінае.

Наступная старонка — зноў жанчына з клункам. У профіль.

Трэцяя сядзіць на аграмадным клунку, падпёршы галаву рукамі. Стамілася. Шырокі твар пад хусткай, рукі ды ногі таўстыя, моцныя, што ні ўзвалі — па сілах. Крамнёвая паляшучка? Але падбілася.

Ідуць дзьве жанчыны побач, нясуць аднолькава вялізныя клункі. Ногі падгінаюцца, але нясуць.

Яшчэ адна з клункам стаіць, абедзьве рукі сьціснула ў кулакі пад падбародкам на перавязі. Галава ад стомы — набок, вочы сьвету ня бачаць, за­плюшчаныя. Няма сілы ні далей ісьці, несьці цяжар, ні скінуць яго з сябе, бо як прыкіпеў.

Пад малюнкам — запіс:

«Учора, як цямнела, прышвартаваліся пад масточкам. Месца прыгожае. Заначавалі. На сьвітанку выйшаў на бераг, каб зрабіць малюнак Пцічы. Падняўся на ўзгорак. Было яшчэ расяна і ціха. Дарога — вільгацьцю прыбіты пясок. А за дарогаю лагчынка і зноў узгорак, дарогаю аперазаны, і за ўзгоркам — вёска: дахі нізкіх дамоў, вербы, бусьлянка на бліжэйшай вярбе, бусьлянка і на вярбе далей. Буслы ў гнёздах стаяць у белых фраках. Гляджу на вёску, а чую блізкае — пялёхае: вада — не вада, птушкі — ня птушкі. Азіраюся і бачу, як па дарозе ў мой бок ідзе жанчына, са­гнутая пад ношкай на сьпіне, а ношка вышэй галавы, шырэйшая за плечы. Галаву ў хустцы зьвесіла, як конь у баразьне, у дарогу нагамі ўпіраецца, сапе і мяне ня бачыць. А я яе напругу чую, як смыляць яе жылачкі, сваім жыльлем чую, твар пад хусьцінаю бачу загарэлы, блішчасты ад поту, кулакі масластыя пад падбароддзем на рагах посьцілкі, і маму бачу ў жанчыне, як яна раніцай нясе з поля сьвірэпу ў посьцілцы, набраўшы, пакуль мы, дзеці, яшчэ спалі. Бывала, прывалачэ не сьвірэпу дык атаву, не атаву дык крапіву, не ў карыта дык на подсьціл, з плеч на двары скіне, на клунак сядзе, рукі на каленях — крыж-накрыж, аддыхваецца. І пакуль я пра маму думаў на тым узгорку, незнаёмая жанчына міма прайшла. Тады я толькі ўспомніў, што ў мяне ў руцэ альбомчык, разгарнуў: пачаў жанчыну замалёўваць, ды і ня так яе, са сьпіны, як клунак на сьпіне. А тут зноў чую — пя-лёх, пя-лёх. Вачыма кінуў па дарозе ў два канцы: ідуць у мой бок яшчэ дзьве босыя, з гэтакімі клункамі. Іх пачаў замалёўваць з твару. Як наблізіліся, мяне заўважылі, паздароўкаліся, я адказаў, рукі з алоўкам ды альбомам апусьціў, адчуўшы, што жанчыны каля мяне прыпыняцца, але яны, паздароўкаўшыся, прайшлі міма, нават і не зьвярнуўшы ўвагі на тое, што я раблю, на мой альбомчык. Тады мае ногі самі пайшлі за імі сьледам. Ідучы, пачаў замалёўваць постаці жанчын са сьпінаў. Ішоў ды маляваў то адну, то другую, то абедзьвюх побач. А за лагчынаю спыніўся, каб малюнак паправіць, узяць больш дакладна лініі ды штрыхам сьветлацені, галаву ўскінуў, дзе там натура, і ўбачыў хату. Захапіўшыся малюнкамі, жанчын, аказваецца, давёў да вёскі, і ўжо яны схаваліся за хатаю, а я стаю і ў тую вёску няма сілы зайсьці. Не той сілы, што ў нагах, а той, што ў грудзях. Крыжы, бачу, на вокнах, што ні акно, то крыж-накрыж, і дзьверы з ганка ў хату — крыж-накрыж. Прайшоў у вёску: крыжы, крыжы...