Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 53

Віктар Карамазаў

О, немалая наша Беларусь!

«...зьліліся рэкі — зьмяніўся колер вады. І настрой мяняецца. Пейзажаў і мой. Была паэзія, цяпер — больш прозы. Вада змутнела — дна не відаць. Жыцьцё пад вадою зрабілася падводнай таямніцай».

У лоцыі шмат пра надвор’е, яго капрызы.

«Будзе навальніца. Атмасферны ціск нізкі. Кінула браць рыба. Настрой паганы».

«Прычалілі да берага. Пайшоў дождж з маланкамі ды громам. Аж праліў­ны. Падарожніку ён непатрэбны, але патрэбны селяніну. Зямля даўно просіць вільгаці».

Гаворыць не мастак — селянін.

«15 жніўня.

Начавалі на дзіўна прыгожым беразе каля вёскі Латышы. Адкуль назва, ніхто ў вёсцы ня ведае. Жывуць адны беларусы.

Злавіў кілаграмовага ляшча. Хвост давялося адсекчы, каб рыбіну зьмясціць у пячурцы для вэнджаньня. Атрымалася смаката!»

«16 жніўня.

Неба завалаклі хмары. Да абеду пасьпелі з Косьцем напісаць па эцюду. Потым пайшоў дождж. Абедаць давялося паасобна, хаваючыся. Як дождж аціх, я вудзіў рыбу. Мацільда адпачывала ў палатцы. Прадукты засталіся на беразе непрыбраныя, і нехта прыбраў паўслоіка масла. Мясцовыя людзі гэтага ня зробяць».

«17 жніўня.

Зьняліся з якару. Фарватар складаны. Частыя перамелы, камяні ды таплякі. Косьця ўжо даволі спрытна вядзе лодку. Рэльеф зусім зьмяніўся. Берагі высокія. Ідзем як па каньёне. Чакаем выйсьця ў Шчару. За вёскаю Галубай нам сказалі, што да Шчары 12 кіламетраў, аднак ішлі мы яшчэ чатыры гадзіны і толькі ноччу, у 22 гадзіны, увайшлі ў Шчару. Шчара сустрэла праліўным дажджом».

І нават Шчара пацякла ў Прыпяць? Ці Прыпяць прыблудзіла да Шчары?

Цікавая замалёўка: на вадзе пад дажджом лодка, у ёй — дзьве побач галавы пад тэнтам, мужчынская і жаночая, як пад адной коўдрай, у змроку гэта падобна і на капу сена ў лодцы, а пад лодкаю цень, і цень таксама за лодкай, ужо на тым беразе ракі, пераходзіць у цемень ночы, у цёмны створ начнога неба, абапал якога на даляглядзе сьветлыя, у тоне лодкі, тэнтакоўд­ры і твараў пад тэнтам, бліскавіцы. Ёсьць кампазіцыя, малюнак, раскладка сьветлых ды цёмных, апраўданых надвор’ем, плямаў, і ёсьць іх варыяцыі. Нават у залеву мастак нагледзеў, вывучыў і замаляваў цікавы начны сюжэт, убачыўшы ў ім будучую карціну, і шукаў найбольш выразную кампазіцыю. Лодка — каўчэг ратунку. Рэальны эпізод перарастае ў твор мастацтва, сюжэт інтымна-камерны — у выразны сімвал з глыбокім філасофскім зьместам.

«Плывем па Прыпяці далей на ўсход. Па берагах — дубы, дубы... Да самай Пцічы будуць нас вітаць і праводзіць».

Як быццам у Прыпяць бягуць Случ, Нёман, Шчара, Бярэзіна, Пціч, Дняпро і ці ня ўсе астатнія рэкі Беларусі. У Прыпяць іх вадаспад?.. Бо тут зямля Гаўрылы Вашчанкі?.. Ён паварочвае сюды, у родны край, усе рэкі і дарогі?..