Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 52

Віктар Карамазаў

А гэта што за акварэль? Чарада выспаў ці валуноў? Гарбоў, хлябоў, аблокаў?..

Зубры ішлі паўз лес. Адзін ля аднаго, бок каля боку — зубры і зубраняты. Краса і веліч пушчы.

Цякла Прыпяць, плыў катэр і множыліся замалёўкі ды акварэлі. У лоцыі-альбоме зьяўляюцца назіраньні ня толькі за прыродай, жыцьцём на рацэ, але сваім настроем, за тым, як у прыродзе працуецца, за станам душы, думак, пра што думкі, як узьнікаюць ад назіраньняў за жыцьцём, як бягуць у пражытае, за рысу падарожжа, нават, бывае, вельмі далёка — у вечнасьць.

«Праца не стамляе. Адчуваньні не прытупляюцца. Ёсьць жаданьне ўсё навокал бачыць, пра ўсё думаць».

Гэта — як творчая радасьць.

«Прышвартаваліся каля вёскі Зьбледнева. Дамы дабротныя і вялікая царк­ва ў расейскім стылі канца дзевятнаццатага стагоддзя. Ёсьць падабенства на Уладзімірскі сабор у Кіеве».

Тут як ня ўспомніш і студэнцкія гады, сябе ў тым кіеўскім саборы побач з Прахавым?

«Не магу зразумець разважаньні некаторых калегаў: гэта пішу для душы, а гэта для выстаўкі. На мой погляд, тут духоўная прастытуцыя. Я заўсёды пішу тое, што мне падказвае душа. Калі я пісаў штосьці ня тое, ня так, як трэба, дык толькі таму, што ў той час яшчэ ня ўсё ўмеў рабіць, ня ўсё разумеў».

Вячэрні роздум? Ці начны? У хвіліны, калі ня спалася?

«Вочы адпачываюць, а галава працуе».

Уражаньні ад пражытага доўга хвалююць і адганяюць сон.

«Тэма для мяне ніколі не вызначала вартасьці твора. Іх вызначаюць толькі высокамастацкія пластычныя якасьці».

У назіраньнях за жыцьцём, прыродай, у працы зьяўляюцца думкі, якія зноў вядуць да працы і назіраньняў.

«Начавалі на дзіўна прыгожым беразе. Хваёвы лес. Шышкінскія матывы. Бераг сточаны норамі, у якіх жывуць стрыжы. Сюды прыходзяць лісіцы. Зьверху раскапваюць зямлю і з нораў выцягваюць птушанятаў».

Цікавае назіраньне натураліста. Але як яго пераліць у пластычны жывапісны вобраз?

«9 жніўня.

Сьпякота. Агароды палеглі. Бярэзіна пасьля таго, як у яе ўлілася Іслач, зьмянілася. Вада мутная, плынь ціхая, як у вярхоўі Нёмана. Лясы па берагах з абодвух бакоў, дрэвы вісяць над вадою, шмат таплякоў. Трэба добра кіраваць катэрам, каб не разьбіць вінт матору...»

Але якім чынам з Прыпяці трапілі ў Бярэзіну?

«11 жніўня.

Вусьце Бярэзіны. Берагі высокія, па берагах шмат ядлоўцу. Трава выпаленая сонцам, пажоўклая, на гэтым фоне цёмна-зялёныя кусты ядлоўцу стаяць, нібы ракеты на старце. Гэта нагадвае фантастычныя бёклінскія пейзажы».

Малюнкі берагоў з ядлоўцам. Адны дрэўцы паасобна, другія ў сямейных чародах. Кожнае — піка ў неба, вастраверхае. Што ні пейзаж — ракетадром. Па малюнках відаць, што мастак у захапленьні ад натуры. Малюе пейзаж за пейзажам. Дрэўцы замаляваныя то з катэру, то з берагу, дзе планам далёкім, дзе зусім блізкім. А вось у адным кусьце аж пяць вастрапікіх, нібы сапраўд­ныя ракеты, дрэўцаў, і стаіць гэтая купа на высознай кручы, па-над вадою. Выдатная кампазіцыя. Калі глядзіш на гэтакі малюнак, то шкадуеш, што тут ня быў, пейзажу гэтага ў натуры ня бачыў, і рады, што тут пабыў мастак і паказаў табе ў сваім малюнку тое, пра што ты не здагадваўся.