Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 47

Віктар Карамазаў

«У бабулі ўтапіўся ўнук. Цела не знайшлі. Яна ўжо два месяцы ходзіць на рэчку, шукае ўнука. Вяртаецца — ногі ў хату не ідуць. Сядзіць усё на парозе, глядзіць у той бок, дзе рэчка. Чакае ўнука».

У той дзень катэр не адплыў ад плаціны, ад карча. Што не пускала? Бабры? Пра іх болей ні слова, ні малюнка. Затое твар жанчыны з прыпухлымі вачыма — то профіль, то анфас.

Бяда старой не пускала? Але чым мог пасобіць мастак? Малюнкам? Словам?..

Малюе хату, двор. Малюе хлеў. Сьцяжыну з двара ў сад. У садзе — яблыні, за імі — плот вясковы, у калы. За плотам — лог. За логам — рэчка. Сьцяжынка берагам. І зноў той самы двор: раскіданыя дровы, панылая карова, сабака сумны. І зноў парог — жанчына ў хустцы, рукі на прыполе. Далей — сьцежка з двара на рэчку, чарот і асака пад берагам, вярба, пад ёю — чорны вір. І зноў — твар жанчыны...

Кругі, кругі... Жанчына ў палоне кругоў бяды. Мастак кругамі ходзіць: парог хаты, двор, хлеў, сад, сьцяжына, рэчка, зноў парог, жанчына... І зноў — двор, хлеў, сьцяжына...

Малюнак вёскі на ўзгорку, як на далоні.

Хаты і вокны, хаты і вокны. І запіс:

«Дзіўна прыгожыя ў нас людзі. Заўсёды дапамогуць. Бяз выгады для сябе. Бывае вельмі няёмка, калі трэба купіць ці малако, ці тварог, ці яйкі, а людзі ўсё даюць і не бяруць грошы. Як можна браць задарам? Ня возьмеш — крыў­дзяцца. І крыўдзіць чалавека нельга».

Зноў — замалёўкі людзей вясковых.

Жанчына каля варотцаў у цёплай куртцы. За ёю — карова, стажок сена, рог хаты з ганкам, акном, страхою. Дрэва над плотам. Пейзаж звычайны для вёскі. А твар жанчыны — скруха! Як у той бабулі, што чакае ўнука. Ня мілыя ні карова, ні стажок ля хаты, ні хата. Глядзіш на яе — думаеш: што ў хаце, што за жыцьцё?..

У рабочай вопратцы сядзіць мужчына. Відаць, што стомлены. З адной рукі зьняў рукавіцу, з другой як не пасьпеў — заснуў. Ногі ў цяжкіх, як гіры, ботах. Мастак замаляваў адну нагу, сагнутую ў калене, а ніжэй — дзьве, пару: падвёрнутыя, нібы ў мядзьведзя, насамі ботаў адзін да аднаго, нос у нос. І зноў ногі: адна на адной, бот на бот — выпрасталіся, адпачываюць. Такое вока ў мастака: дэталь схапіў, за ёю назірае, замалёўвае, і ўжо напэўна бачыць дэталь карціны. Дзе замалёўкі — там думкі, бягуць у галаве і на паперу кладуцца:

«Ужо колькі думаў за дарогу і зноў думаю: цудоўны ў нас край, цудоўныя нашы людзі. Душы спагадлівыя, добрыя...»

Але...

«Падплываем да вёскі Панямоньне. Наплыўны мост. Катэр паставілі на шасі. Падышлі мужчыны, сказалі, што наперадзе яшчэ пяць гэтакіх мастоў. Параіўшыся, вырашылі далей не плысьці. Атабарыліся каля хутара Добраў. Бераг высокі, падыход да катэра складаны, але пейзаж цудоўны. Рака выгі­наецца падковай, і мы бачым яе ў абодва бакі.

Хадзілі ў госьці да суседзяў. Мілыя людзі. Нас адарылі бульбай і малаком. Тут дача пісьменьніка і літаратуразнаўцы Калесьніка. Пазнаёміліся. Ён у гэтых краях партызаніў, расказваў, як іх атрад паліў у навакольлі па вёсках школы і маёнткі, каб не было прытулку нямецкім гарнізонам. Тут партызаніў і Янка Брыль. Гаспадары хутару таксама былыя партызаны».