Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 45

Віктар Карамазаў

Лоцыяй на судне меўся быць альбом для замалёвак, запісаў. У ім сваё месца ўжо знайшоў і самы першы радок:

«Месяц — ліпень, год — 1982».

Лета выдалася пагодлівае, а ліпень — за ўсе месяцы цяплейшы. У ясным небе зьзяла сонца, нізкія берагі Случы хаваліся ў чаратовай аблямоўцы, на забурэла-зялёных сподачках лотаці пад чаратамі залаціліся гарлачыкі, пырхалі матылі, а надзвычай ціхая, быццам сьвятая, вада ў рацэ абяцала прыемнае падарожжа. І калі праз нейкую гадзіну, як адплылі, у неба ўзьнялося падазрона-шэрае воблака, расплылося ў фіялетава-сіняй цяжарнасьці, ніхто не падумаў, што выпадковая хмара можа прынесьці нейкую непрыемнасьць. А гэта якраз адбылося. Раптам ускруціўся вецер, нагнаў штармавую хвалю і змрок, тэнт падхапіла віхура і секануў дождж. Схавацца ад яго не пасьпелі ды і не было дзе. На беразе ні дрэва, ні хаціны, ні нават кусточка — роўнядзь лугоў ды палеткаў. Праўда, страх быў нядоўгі. Хмару вецер сагнаў і сам суняўся, вада супакоілася і зноў зазьзяла, як ні ў чым не вінаватае, сонейка.

Ваду з катэру выплескалі, вопратку разьвесілі сушыцца на сонцы і паплы­лі, нібы пад ашмоткамі ветразю, далей.

Наступны запіс мог быць такі:

«Першае вадохрышча на Случы паспрыяла паглыбленьню падарожнікаў у паганскую веру палешукоў. У іх вачах шмат якія воблакі, выспы, дрэвы ды хмызы пачалі набываць абрысы жывых істотаў, а буслы, коні, чаплі, бабры і нават матылі ды стракозы паводзілі сябе так, быццам мелі разумныя боскія душы».

За катэрам у вадзе бегла дарожка з блешнямі, і на дне катэра ўжо ўздрыгвалі першыя шчупакі. Малюнак двух з іх зьявіўся ў лоцыі. На паперы яны выглядалі ня менш прыгожа, як у вадзе: доўгія і лупатыя, заплытыя пад скураю тлушчыкам, пералівіста-срэбныя, з шырока растапыранымі, нібыта плылі ў натуральнае стыхіі, хвастамі.

За шчупакамі ў лоцыі зьявіліся стракозы над касачамі з дзіўна доўгімі ды вострымі крылцамі, падобныя на верталёцікі.

Пад касачамі ды стракозамі запіс:

«Прышвартаваліся да вольхі. Рака цячэ паміж лугоў. Цудоўная раніца. Сонечна. Стракозы бясконца шапочаць крыльлем над вадою, вельмі празрыстаю».

Шчупакоў мастак замалёўваў з радасьцю, што вельмі прыгожа зіхацяць на сонцы, а са стракозамі было іначай. Спачатку, як прышвартаваліся, у хвіліну выключнай цішыні пачуў празрыстае, нібы ад фольгі, шархаценьне, падумаў, што шапоча трысьнёг, і ці здолее напісаць эцюд рэчкі з берагам, каб потым на яго глядзець і чуць гэтую мелодыю? Як дамагчыся гуку ў матэрыяле? Якімі фарбамі пісаць? Якія будуць гучаць? А потым заўважыў матыўчык чыста жывапісны: пёры касачоў, тарчма ў неба, і над імі воблачка стракоз. У вачах адразу ўспыхнула акварэлька, нібы напісаная. Быў пасьпяшаўся да фарбаў, але стрымала перасьцярога: бяры паперу і аловак, малюй, пакуль стракозаў ня зьдзьмуў вятрыска, а як будзе замалёўка — тады і фарбам воля. Гэтак і атрымалася. Ледзь пасьпеў замаляваць стракозаў над касачамі, як зрабілася ціха ды сумна. Спачатку пачуў цішу ды сум, а потым агледзеў, што стракоз над касачамі як не было. Супакоіўся, выйшаў на бераг, расклаўся з фарбамі, каб напісаць, што хвалявала, па малюнку ды памяці. І добра, што быў малюнак.