Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 48
Віктар Карамазаў
Але чаму Нёман? Плылі ўніз па Случы — заплылі ў Нёман?.. Куды далей?.. З Нёмана — у Прыпяць?..
«З Калесьнікамі разьвітваемся. Я падарыў эцюд «Хутар Добраў». Які цудоўны адпачынак! У гэтакіх сустрэчах мацнеюць сілы і любоў да роднага краю». Зразумела: у альбоме не адно падарожжа і запісы ды замалёўкі кожнага — не працяг папярэдняга, ранейшага, а на тых самых старонках, дзе было месца для занатовак-замалёвак, і атрымаўся нечаканы зьбег часоў, уражаньняў, геаграфічна несумяшчальных мясьцінаў, пейзажаў — цікава. Найперш тым, што аўтара, як мастака, вядзе ў падарожжы ня столькі думка, як настрой, прамень унутранага, з душы, сьвятла на жывую натуру, вобраз, колер, урэшце — на эцюд, карціну. Пад настрой і чарговы запіс:
«На дзіва пустыя ў каларыце хмары па сьвінцовым небе, глухі хваёвы лес на даляглядзе, пясок сьсінелы, шэры ядловец ды хвойка скарлючаная на пярэднім плане. Стаіць, нахохліўшыся, самотны бусел — адзіная ў пейзажы сьветлая плямка. А калі больш дакладна — толькі кропка...»
Настрой выразны. Не пісьменьніка — мастака. І філосафа:
«Шкада, што адыходзім ад натуральнага жыцьця ў цывілізацыю, дзе чалавек губляе адзінства з прыродаю. І ўжо, як да яе дарвецца, хапае ўпохапкі. І цяжка дыхае. І душыцца».
Паміж тым, ранейшым, і гэтым апошнім запісамі, як выяўленьне эмоцыяў выключна мастака, малюнак з дзяціную далоньку: рака ў зьвівах рэчышча, далёкі бераг — нізкі, блізкі — высокі, далёкі цёмны лес, а на пярэднім плане — скарлючаная хваінка. Тут усё сьвятлейшае, як там, дзе выпісана словам. Там больш эмоцыяў, літаратуры, а тут, у малюнку, больш натуры, у якой заўсёды ёсьць прадчуваньне жывапісу.
А ўсё ж — куды плыў карабель?
«Вёска Беражна. Пантонны мост. Лодку валаклі волакам. Дапамаглі два хлопцы, якія вудзілі рыбу. Прыгожыя і дужыя. У канцы вёскі былая сядзіба з прыгожымі алеямі з ліпаў, явараў. Чыя яна? Хто і калі яе разбурыў? Цяпер тут маглі быць цудоўны клуб ці школа».
На гэты роздум падобны і наступны:
«Цудоўная алея — былы маёнтак генерала Шчарскага, які партызаны спалілі ў 1942 годзе».
Алея паўкругам на малюнку, за ёю далей вёска, а бліжэй да алеі, паміж алеяй і вёскай, пустка, папялішча.
І не чытаеш, а чуеш сучасьніка:
— Шкада...
Звычайная мясьціна ў альбоме, дзе радасьць і бяда разам. І тут жа глыбокі, ад абуджанага пачуцьця, роздум, не абавязковы, магчыма, для іншага чалавека, але абавязковы для мастака: ці можа ён апраўдаць тыя разбурэньні? Ня можа. Але палілі партызаны, паліў атрад Калесьніка, паліў, выходзіць, і ён сам, пісьменьнік-гуманіст, якога тут, на хутары Добраў, пасьпеў палюбіць? Была вайна?.. І ўсё ж: ці можа такое апраўдаць мастак?..
Ён углядаецца ў зямное, а чуе неба:
«Вянчайма, браты, нядзелю, дзень Хрыста ўваскрэсеньне, царыцаю дзён і з вераю ў новае зьвеставаньне прыносьма свае дарункі!
Дамо хто што па здольнасьці ды моцы:
хто міласьціну ды незласьлівасьць,
хто цноту,
хто любоў,
хто веру праўдзівую ды зьмірэньне,
хто псалмасьпеў,
хто прыклад апостальскага вучэньня,
хто малітву сэрца...»
Мастак чуў голас неба, знаны ад тых гадоў, калі пісаў выяву Кірылы Тураўскага: