Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 49
Віктар Карамазаў
«Не аб’яўляйся перада мною
парожні
ў дзень сьвяточны...»
Чуў неба, а бачыў замчышча ў Тураве, Кірылаву абіцель. І бачыў магутны дуб на беразе вялікае ракі — стаяў высока, над пясчанай стромай, на самым яе абрыве, аж корані ручаіліся з-пад камля па строме да вады, у ваду і пад ваду сьцякалі.
Прыпяць?..
Пакінуўшы катэр на рацэ, увесь дзень па Тураве хадзілі, дыхалі старажытным паветрам, а на ноч гледзячы — сышліся пад вячыстым дубам. Там, за Туравам, дубы ўсьцяж, хоць перад кожным фарбы раскладай.
Гаўрыла спаў у катэры пад дубам, на вадзе, Мацільда з сынам — на беразе ў палатцы.
Ноч выдалася ціхая, чуйна-напятая, нібы струна на грыфе скрыпкі. А што трывожыла? Горад, які побач, здань замчышча? Хмарна-чорнае, без знаку месяца, неба? Ці дуб над стромаю, над катэрам навіслы, апора неба, у якім і бачыўся, і чуўся златавусты? Усё было адзіным і неахопным. А ты — хто ты, малы ды грэшны?
З вяршыні дуба голас грукатаў:
«Дык прынясем Госпаду нашыя дарункі, бо не пазбавіць ён добрае долі таго, хто прыйдзе з дарункамі веры...»
І голас яшчэ вышэйшы, як не Кірылаў:
«Хто мяне славіць —
таго праслаўлю...»
Божа!.. Дык з чым я, раб твой, да цябе прыйду? Што прынясу? Дары мае — што?..
Ляжаў, ня спаў, думаў, бачыў перад вачыма вёску, людзей вясковых, сябе на ральлі з сяўнёй, сябе на пашы, бачыў Высокі лес, Раўкі, Дамаху, Татарскі брод, нібыта там хадзіў, блукаў, шукаў. Бачыў вятрак Пампея, Брагінку вакол Чыкалавічаў, Прыпяць у пясчаных берагах, маму, бацьку, аперазанага калючым гулагаўскім дротам, бабу Сынклету з яйкамі ў прыполе, дзядзьку Алеся ў чырвонай кашулі, жанчын у белых вопратках, Красуню ды Машку пад старымі хвоямі, Пальму над вёскай у небе, у шлёмах ды кальчугах мільгацелі воі Грунвальда, у доўгіх сутанах непахісна стаялі манахі, якіх не пахаваў Машэраў, Сымон Будны ды Сімяон Полацкі вялі, тварам у твар, гутарку, стаяў на бруку ў Тураве златавусты Кірыла, сьвятар ды стоўпнік, над хатамі палешукоў узвышаўся чалом высокім і доўгімі, да плячэй, валасамі, на белых крылах з кніжкамі сьвятымі зьляталі з неба анёлы, кружылі вакол дзетак, у якіх ён бачыў сваіх дзяцей ды ўнукаў, і кніжнікі былі — Купала, Багдановіч, Колас, Цётка і Скарына, Яська з-пад Вільні трымаў над галавой «Мужыцкую праўду», каб людзі бачылі, чыталі. Яшчэ там было шмат дубоў і хвояў, буслоў і ластавак, усялякіх кветак. Усе ў залатых рамах. Сон? Ня спаў. Дары свае нёс Госпаду і думаў, і шаптаў: даруй, што мала...
Бо голас адтуль, дзе шапка дуба, паўтараў: «Дамо па здольнасьці...
сьпеў...
любоў...
малітву сэрца...»
Спаў моцна, да золку — без прабуду. Прачнуўся, калі разьвіднела. Прыўзьняў спачатку над падушкай галаву, агледзеўся, сеў і глядзеў з-пад тэнта на рэчку, як калываўся, чапляючыся за берагі, кволы туман, плямамі сівы, шэра-блакітны, залацісты, ружовы. Адценьні колераў то загараліся, то гасьлі, пакуль угары, над галавою, нешта ня крэкнула, ды моцна, парвалася і зарыпела, застагнала. Зьверху, са стромы, сыпаўся ці жвір з пяском, ці то каменьне. Жанчына закрычала: