Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 46

Віктар Карамазаў

Пад вольхаю і заначавалі. Мацільда з сынам паставілі на беразе палатку, прынесьлі з сенажаці сена, а ён, Гаўрыла, з прыемнасьцю ўлёгся ў катэры пад зорным небам. Ноч выдалася цёплая і ціхая, без камарэчы, сон шчодра аплочваў акварэльны аркуш, ад якога нават уначы чулася шапаценьне стракозаў і касачоў. Пішучы матыў, разьлічваў, што тыя згукі ўдасца захаваць у сонечнай празрыстасьці фарбаў, калі іх не замуціць на паперы ды сонейка ў крылцах не пагасіць. І не замуціў. І не пагасіў. І вось — слухаў, чуў. У падарожжы ня трэба іншых фарбаў, як акварэльная вада, што адгукаецца найтанчэйшым настроям прыроды.

Прачнуліся як сонца ўзышло. Па рацэ плыў туман, прашыты яго пром­нямі. З той белай воўны вострымі, нібыта лёзы вядомай мужыцкай зброі, тырчэлі касачы. Стракозы спалі на збройных лёзах, прыцяўшы крылцы.

Пад катэрам штосьці пялёхнула. Ці рыбіна, ці выдра?

У той дзень зьявіўся новы запіс:

«Праходзім праз бабровыя плаціны...»

Плаціна за плацінай — нібы завалы франтавыя. Падплыўшы да яшчэ адной, глушы матор, выкідвай якар, скачы ў ваду ды разьбірай звярыную будоўлю, каб плысьці далей. А далей — зноў завалы.

«Ужо трэці дзень, як у дарозе. Рака выбегла на забалочаныя гоні. Плывем на вёслах. Вада празрыстая, добра відаць дно, як па ім бегаюць рыбіны. Спрабавалі дарожыць, але згубілі блешню і на гэтым спыніліся. Рэчка рыбная.

Была першая юшка.

Прайшлі яшчэ адну бабровую плаціну. Прышвартаваліся да карча і тут заначавалі».

Сьцямнела, вада пагасла, па берагах сплылі ў змрок хмызы і дрэвы. Там, дзе плаціна, нешта жывое бухала ў вадзе, пялёхалася, чаўкала. Калі з-за хма­раў выплыў паўкруглы месяц, у тым месцы, дзе разьбіралі плаціну, высьвецілася галава бабра — зьвярок плыў з таўстым сукам у зубах і галава блішчэла, нібы на ёй была жаўтлявая шапачка, а вада ад яго, нібы ад катэра, бегла ў бакі жаўтлявымі ды чорнымі шнурамі сьвятла і цемені. Калі месяц схаваўся за воблакі, зьнік і бабёр. Але ў тым месцы па-ранейшаму і бухала, і пялёхалася, і чаўкала, пакуль не заснулі падарожнікі. Калі ж прачнуліся, а сонца, аранжаваю плямай узышоўшы на даляглядзе, сагнала з рачнога люст­ра туман, убачылі, што плаціна, учора раскіданая, каб правесьці катэр, зноў стаяла на калах, быццам яе ніхто і не чапаў.

Што засталося ў лоцыі пра раніцу? Замаляваная плаціна ды ўспамін пра згукі ночы. Баброў-будаўнікоў не было. Увечары, калі яны працавалі, мастак, захоплены відовішчам, забыў і пра аловак, і пра сшытак, і пра сябе як мастака.

Там, далей у сшытку, з таго дня быў малюнак: парог хаты і на парозе — жанчына. І подпіс:

«Парог. Памяць».

Наступная старонка — тое самае: адчыненыя дзьверы ў хату, прыступкі, парог, на ім сядзіць жанчына, склаўшы рукі на прыполе. Адно ўжо іншы ракурс. Подпіс амаль той самы:

«На парозе».

Быў дзень — хадзілі ў вёску. Купілі прадукты. Вярнуліся. Што ў вёсцы ўсхвалявала? Парог хаты, жанчына на парозе? Так. Яна ў лоцыі буйным планам: пад хусткай вусны сьцятыя да болю, вочы прыпухлыя, абвісьлі рукі — не да працы. І подпіс: