Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 44
Віктар Карамазаў
Ён усьміхаецца, як зразумеўшы маё нясьціплае жаданьне, падыходзіць да паліцы з кнігамі, знаходзіць там альбом, гартае. Гартаць спыніўся — што знайшоў? Мне падае альбом разгорнуты — на ўсю старонку аўтапартрэт.
Я даўно заўважыў: аўтапартрэты ён пісаць любіць, для кожнага знаходзіў арыгінальную кампазіцыю, цікавы ракурс, невыпадковы фон, пісаў сябе то ў калядным сьне пад крыламі анёла, то на крыжы ў трыпціху трох Гаўрылаў, з арханёлам ды малым праўнукам, то хлапчуком у вёсцы. Гэты партрэт быў, можна сказаць, звычайны, традыцыйны, і фон як бы нейтральны. Ды толькі твар быў незвычайна сумны, спакутаваны — насьцярожваў. Я паглядзеў і, не зразумеўшы жэст з альбомам у адказ на маё пытаньне, альбом адклаў. Спытаў, каб не пакрыўдзіць мастака сваёй няўвагай да аўтапартрэту, ці ў майстэрні арыгінал. Ён мог быць, як я падумаў, і на сьцяне ў іканастасе, дзе маці, брат, жонка, баба Сынклета. Але яго тут не было. Ён быў у Трацякоўскай галерэі.
Тады я пацікавіўся:
— Калі вы гэты партрэт пісалі?
А ён як не пачуў мяне.
Я зноў узяў альбом у рукі, сам адшукаў у ім аўтапартрэт — быў там пазначаны і год: 1975. Я схамянуўся: хіба ня гэты твар мастака хацеў убачыць, слухаючы пра работу ў Палацы, прамерзлым і прасмуроджаным, над «Асьветнікамі»?..
На мяне глядзеў твар чалавека, які забыў, што такое сон, зьняможана-счарнелы ад бяссоньніцаў, але і засяроджаны на яму вядомай радасьці. Зьнямога ляжала на ацяжэла-нерухомай скуры, у глыбінях сініх вачэй, у зьзелянелых заценях-паўкружжах пад вачыма, у непаголенасьці ды непрычасанасьці зарана пасівелай шавялюры, ва ўпарта самкнёных ад нейкага цяжару вуснах і завостранасьці падбародку, але за ўсім за гэтым, як за вонкавым і малазначным, угадвалася жывая высакародная душа і там, у ёй, агонь натхненьня. Напружаны каларыт стваралі фактурнасьць курткі, нібы сатканай з пашэрхла-позьняга іржэўніку, пастозна-чарназёмнага «пад полем курткі сьвітара», шурпатасьць сялянскай нівы за Татарскім Бродам, лапінкамі ўгадвалася нават у твары. Зьлёгку чырвона-залацісты німб ад верхняга сьвятла ў шавялюры глядзеўся не німбам хараства ці сьвятасьці, а колам пакутаў. Чырвонага тону, які мастак любіў, было ня шмат, але ўсюды, у вопратцы і ў твары, як і за імі, у фоне, гулялі віхуры — адбіткі блізкага, як перад самым тварам, у самы твар, агню. Мастак нібы глядзеў у полымя, і тым полымем мне бачыліся яго «Асьветнікі».
Партрэт быў у пояс — рук я ня бачыў. Але я бачыў чырвоную ў руках палітру — агонь любімых фарбаў.
Я бачыў мастака чорнарабочым.
Акварэльнае падарожжа
Ад пясчанага берагу Случы, ніжэй Салігорску, адчаліла судзёнца, падобнае да рачнога катэру. Пад тэнтам, узьнятым ад сонца, плылі тры чалавекі: яна ды ён, мастак, у найпрывабных гадах і спартыўным выглядзе, ды сын-падлетак з мараю стаць мастаком, як бацька, а ўсе разам — Вашчанкі. Сямейны экіпаж выпраўляўся ў немалы шлях, пра што сьведчылі і вопратка, і посуд, і рыбацкія прылады, і акрамя таго — эцюднікі, планшэты, фарбы, рыштунак, без якога мастакі не мастакі, а звычайныя турысты, вандроўнікі.