Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 43

Віктар Карамазаў

А за сокам «Сакавіка» зьявілася і жніво «Жніўня». Апошняя работа пісалася пазьней, калі яшчэ на сьцяне не астыла гарачая энкаустыка «Асьветнікаў» і сам Спас сыпаў дзяўчатам у прыполы ды кошыкі чырвоны бурштын яблыкаў, засыпаў сады і агароды, дарогі, ганкі, сьвірны. І зноў жа — ня яблыкі і не дзяўчаты чаравалі вока ды сэрца, а сьвятло ды колер, бурштын ды чырвань жніўня, які ніяк ня мог зрабіцца «августом». Сьвятло ды колер, каларыт — дамінанта хараства, настрою.

Мастак шукаў сьвятло інтэнсіўнае, жывое. Шукаў яго на тынкоўцы сьценаў. Шукаў у вітражным шкле. Шукаў і за мальбертам, на палатне ў алейных фарбах. Усюды. Але ці толькі пошукі сьвятла і каларыту ядналі той, па сьценах, росьпіс з камерным жывапісам на палатне?

«Балада пра мужнасьць» — станковы эпас.

Вайну пісаў і раней. Ня мог не пісаць, бо перажыў. У яго быў свой вопыт вайны, а свой — жывы, пякучы. Жывое, як вада жывая, як рака, заўсёды шукае выйсьця. Для болю, назьбіранага ў сэрцы за вайну, выйсьце знаходзіў у пейзажах, эцюдах, нацюрмортах. А тут — эпас.

Народ і пушча — узрушаныя вайной стыхіі. Яе і людзі, і прырода чуюць як канец сьвету, сьмерць. У гэтым адчуваньні яны яднаюцца: людзі ідуць у пушчу, якая заўсёды ратавала беларуса — ад голаду, ад рабства, ад вайны. Ідуць усе — як у бой: і хто са зброяй, і хто бяз зброі. І з імі разам — хвоі, прыгнуўшы зялёныя вяршыні, хаваючы пад імі ўсё жывое. Агром­ністы, складаны сьвет, падобны на ўстрывожаны мурашнік, сабраў мастак на плошчы палатна. Як гэты сьвет і выявіць у асобных тварах, лёсах, і ў той жа час зьяднаць? Складаная мастацкая задача патрабавала нетрадыцыйных сродкаў. Ня грэбуючы ўмоўнасьцю будовы, аўтар дае магчымасьць бачыць твор адразу з розных кропак. Пярэдні план — як з макушы хвоі; другі план лесу, зялёную пушчанскую сьцяну, — нібы спусьціўшыся з вяршыні хвоі на зямлю; яшчэ з ніжэйшай кропкі — далягляд, зьбег пушчы з небам, па якім з далечы, нібы ад Бога, да нас ляжаць раўнюткія і сьветлыя шляхі ратунку.

Эпічны твор не ўзьнікае на адгалінаваньнях ад бальшака. Ён сам — бальшак. Ці скрыжаваньне бальшакоў. «Балада» — скрыжаваньне глыбокага філасофскага роздуму над жыцьцём і яго манументальна-ўзвышанага бачаньня жывапісцам. Тое самае скрыжаваньне, якое дало нацыянальнаму мастацтву «Асьветнікаў» і «Зямлю сьветлагорскую».

Ён ня любіць шмат гаварыць пра свае работы, але ня супраць іх паказаць: глядзі, думай, разважай — ён будзе слухаць.

Любіць назіраць за чалавекам, як той углядаецца ў ягоную карціну. Чытае адразу і яго, і сябе ў сваёй рабоце.

Я шкадую, што ні разу ня бачыў яго з палітрай і пэндзлем у руках. Як толькі дзьверы адчыняю ў майстэрню — ідзе насустрач: рукі — для вітальных абдымкаў, поціскаў.

Пытаюся:

— Калі-небудзь ці выдасца выпадак: прыйду, а вы — з палітрай, з пэндзлямі каля мальберту? Ці пашанцуе мне?..