Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 42
Віктар Карамазаў
Калі работы закончыліся, у касьцёл прыехалі Машэраў і старшыня Савета Міністраў Кісялёў. Падняліся на другі паверх і там, як потым скажуць сьведкі, разгубіліся. Дзень выдаўся пагодлівы, сонечнае сьвятло праз вокны з вітражамі напаўнялі залу плямамі ўсіх колераў вясёлкі, а пад стольлю ў сьвятле, адбітым ад чырвонай мэблі і залацістага паркету, вітражным шклом у чырвона-залацістай гаме казачна гарэлі плафоны.
Машэраў схапіўся за галаву — усклікнуў:
— Якая прыгажосьць!.. А мы ж хацелі зруйнаваць касьцёл?!
Побач з ім стаяў Вашчанка. Машэраў глядзеў яму ў твар, усьміхаўся, а ў вачах былі і шчырая радасьць, і несхаваная віна, і ціхая ўдзячнасьць.
Бывае, што і ўладу мастак ратуе ад злачынства.
Росьпіс па сьценах палацаў і такі малы, у параўнаньні са сьцяною, фармат падрамніка на мальберце — кантраст ня толькі памераў ды формаў, але і бачаньня сьвету, прынцыпаў мысьленьня мастака. І як не разгубіцца майстру манументальна-дэкаратыўнага росьпісу, які, пакінуўшы на рыштаваньнях вялізныя пэндзлі і вёдры з фарбамі, становіцца ў майстэрні да мальберту з палітрай станковага жывапісца?
Пра гэта Вашчанка выказаўся нечакана, але ўзважана:
— Праца ў розных тэхніках — маё багацьце. Станковы жывапіс выхоўвае цяплыню пачуцьцяў, не дае зьбяднець насьценнаму. Манументальны жывапіс прывучае да маштабнасьці мысьленьня, выпрацоўвае кампазіцыйную дакладнасьць. А да ўсяго яшчэ — адны рэчы бачыш у малых, камерных формах, другія ў карціне, трэція на сьцяне, у ансамблі.
І ўжо тут цікава, што стаяла ў яго на мальберце, якія пісаліся карціны ў той час, калі ён расьпісваў Дом настаўніка, Палац культуры? Ці ўплывалі і як уплывалі на станковыя работы настроі ды пошукі насьценных росьпісаў?
Ёсьць у яго карціна «Сакавік». Год народзінаў — 1973.
Вясна.
Яшчэ ні зелянінкі, ні ставочка вады. Вясна сьвятла — найпершая ў прыродзе. Вёска пад сьнегам, а сьнег — шарпак вясновы, да бляску зацалаваны сонцам. Па гэтым бляску — шэсьце вясельнае. Вароты ў двор адчыненыя. Бацькі чакаюць маладую ды маладога з хлебам-сольлю на ручніку. Тут і сарока-белабока — разносіць навіну па вёсцы. Усё — сама ўрачыстасьць. Але не яна найбольш прываблівае вока. Здаецца, што гэта мастаку нават ня трэба і толькі таму вёска з яе сьвятам напісаныя фармальна-абстрактнай жывапіснай мовай, падобнай на тую, якой расьпісваў сьцены. Ён прымушае нас заўважыць іншае сьвята вясны, сьвята самой прыроды: блакітна-залацісты тон сакавіцкага сьнегу, такое ж неба, яшчэ нясьмелую цяплынь паветра, абновы ў колерах і тоне. Вясна яшчэ не разгулялася, але ўжо сочыцца ў лазурным небе, праз пацяплелы шарпачок, праз усё, што ёсьць у вёсцы, — хаты, платы, дрэвы, ужо грэе і людзей, вясковае жыцьцё. Тут сакавік — ня толькі слова, назва месяца ды карціны, а сам сок, падобны на бярозавік, кляновік, які і адчыняе вароты вясельлю маладых, жыцьцю.
Адміністратар выставы жывапісу гэта не зразумеў і назву карціны «Сакавік» закрэсліў, напісаў: «Март». Мастак заўважыў і абурыўся: які ж тут март? у Левітана — март, у Грабара — март, а тут — сам сок вясны, сакавік. Ня чуеце на смак ці тое, што па-беларуску, не па сэрцы? О, байструкі — ні глебы, ні каранёў, ні... сэрца!