Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 41
Віктар Карамазаў
Эскізы для «Асьветнікаў» былі гатовыя, калі на ідэалагічнай нарадзе выступіў першы сакратар ЦК кампартыі Машэраў і сказаў: шмат хто з мастакоў ды пісьменьнікаў узяўся славіць манахаў у сутанах ды расах як прарокаў Айчыны...
У майстэрню Вашчанкі са сьвітаю зьявіўся міністр асьветы, які курыраваў работы ў Доме настаўніка. Агледзеў эскізы пад роспіс і, нічога пра іх не сказаўшы, разьвітаўся. Кірылу Тураўскага Вашчанка не паказаў — манахаў у эскізах хапала без яго.
Насталі дні чаканьня.
Нарэшце міністр паклікаў да сябе:
— Эскізы вашыя мне спадабаліся, але я іх не падпішу.
Мастак не зразумеў:
— Вы прыпыняеце работу?
Адказ быў нечаканы:
— Я вам сказаў, што эскізы мне вельмі спадабаліся. Працуйце далей. Але...
— Працаваць па незацьверджаных вамі эскізах?..
Гэтак і атрымлівалася: адказнасьць за работу мастак павінен быў цалкам браць на сябе.
Надышлі восеньскія халады. Рыштаваньні пад росьпіс на сьцяне зманціравалі, але Палац не падключалі да сістэмы ацяпленьня. У памяшканьні было сыра, халодна. Тэхніка росьпісу патрабавала пастаяннага падагрэву фарбаў, воску, каніфолі. А яшчэ давялося выгарадзіць рабочае месца шчытамі, завесіць плёнкаю, каб выпадковыя людзі, якія хадзілі праз памяшканьне, ня бачылі, як піша сваіх манахаў — злыя вочы ды размовы, якіх хапала, ня толькі псавалі настрой, але маглі спыніць работу. Электрычныя пліты, увесь час уключаныя, дымілі ад воску, фарбаў, у выгарадцы зьбіраўся смурод, які зьнясільваў мацней, як сама праца.
На рыштаваньнях выстаяў усю зіму. Пачаўшы росьпіс увосень, закончыў работу вясною, як ужо з вуліцаў сагнала сьнег і ваду. Быў ушчэнт зьнясілены. З Палацу вывозілі на «хуткай дапамозе» — адразу ў бальніцу.
А чым закончылася спрэчка вакол манахаў?
Кірыла Тураўскі ў насьценны росьпіс ня трапіў. Яго партрэт на ўвесь рост мастак зрабіў асобна і перадаў у Дзяржаўную бібліятэку. Пра манаскія расы ў «Асьветніках» размовы аціхлі: што паробіш, калі айцы сьвятыя якраз і былі асьветнікамі народу? Загаварылі пра сьвятло ды колер, наколькі выразна ідэя, тэма, вобразы, нацыянальны каларыт выявіліся ў спалучэньні вогненна-чырвонага тону ў постацях асьветнікаў са спакойным белым, у якім, як водгульле чырвонага, прабіваліся глыбокія, нібыта аблачыны ў небе, вохрыстыя наплывы. Ужо ў энергічных малюнках кожнай постаці, у арыгінальных дынамічных ракурсах і кампазіцыях мастак заклаў ня толькі гістарычна-аргументаванае, але і сваё эмацыянальнае бачаньне як кожнай асобы, так і ўсяго асьветніцкага шляху на Беларусі.
Працуючы над росьпісамі ў Палацах, Вашчанка ў той самы час выконваў яшчэ і вітражы для Дома кіно, ранейшага і сёньняшняга Чырвонага касьцёлу ў Менску. Тут ён фарміруе не асобныя, з каляровага шкла, кампазіцыі ў вокнах ды разетках, а складаную сістэму вітражных блокаў на тэму «Кіно і людзі», наскрозь прашытую ды сшытую сонечным праменьнем. Каб вітражным шклом выбудаваць шматпланавую мастацка-вобразную задуму, спатрэбілася, як у Сьветлагорску, даваць і ўкараняць свае арыгінальныя архітэктурныя ды будаўнічыя рашэньні. Зноў чуў: ня сунься не ў сваё. А дзе мяжа паміж сваім і не сваім? Дэкаратыўнае мастацтва і архітэктурна-будаўнічае аблічча ансамбля не існавалі паасобна — залежалі адно ад аднаго.