Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 40

Віктар Карамазаў

Запрэглі геніі, захамуталі. Сам з радасьцю запрэгся.

— Творцам рухаецца зямля і сыплецца каменьне...

Творца — усявышні?..

Але ж і ты, зямны ды грэшны, назваўся творцам — будзь у Бога вартым і мастаком, і сынам. У цэнтры росьпісу паставіў тонда: сонца і прамяні сьвятла ядналі жывапісную прастору, агняна-сьветлым фонам высвечвалі постаці настаўніцы і дзяўчынкі — сімвал жыцьця, асьветы. На адным краі пано — энергічны Скарына з наймудрым заклікам: «Ня толькі дзеля сябе нараджаемся на сьвет, але найбольш дзеля служэньня агульнай справе», а на другім — Купала з кнігай душы: варты паэта адказ на подзьвіг першадрукара.

Яшчэ мастак чараваў над эскізамі асьветнікаў, калі пад росьпіс прапанавалі Палац культуры заводу штучнага валакна ў Сьветлагорску. Тут — асьветнікі, там — прадзільшчыцы, ткачыхі: такія непадобныя стыхіі, тэмы, вобразы. І ўсё ж у Сьветлагорск паехаў: калі яшчэ надарыцца, каб пад твае пэндзлі — адразу два палацы? Ды і сваё Палесьсе — Чыкалавічы блізка. Хіба адмовіш землякам?

Прыехаў, а сьцены — не пад росьпіс. Перакладаць? Як — ня ведаюць будаўнікі. Сам — і мастак, і дойлід, і прараб. Бурылі ды перакладалі і сьцены, і падлогу.

Будаўнікам гэтакі мастак — костка ў горле. Намёк далі:

— Не забывайце, што тут будоўля, цагліна можа скінуцца на галаву.

Пачуўшы пра цагліну, усьміхнуўся. Успомніў пра яе, як сьцены вывелі пад росьпіс. А што пісаць?

Пайшоў па заводзе. Шукаў і тэму, і вобразы, і каларыт. Зачапіўся за пра­зрыстыя, сінтэтычныя шарыкі, з якіх, нібы з кудзелі, высмыкваліся ніці. Шарык — сонца, ніці — сонечнае праменьне, якое лавілі ды прыручалі рукі ткачыхі. Тут — тэма? Зямная, але вяла ў космас. Зямля ды космас ядналіся чалавекам працы. Як жывое лона, кантэкст жыцьця зямнога, космас хваляваў заўсёды, а тут — такія арганічныя стасункі з зямлёю. Плошча для роспісу, прастора, прасіла, магчыма, большай, як даваў завод, насычанасьці паэ­тычнымі вобразамі, але хіба завод — мяжа дазволенага мастаку? У Сьветлагорску ён кватараваў у драўляным дамочку старога, якому было пад сотню гадоў і той сам быў ракой жыцьця, безданьню ўспамінаў: яшчэ будаваў тут першую ў краіне Васілевіцкую ДРЭС, ставіў апоры першых электралініяў, нацягваў правады пад першы электрычны ток. Успаміны старога давалі гістарычны зрэз тэмы, з глыбіняў усплывалі вобразы. Эпас прасіў сучаснай лірыкі? Хата старога стаяла ў садзе, а там — мора яблык і ў кожным — сонца. На хаце — бусьлянка і буслы, за хатаю — Бярэзіна і хлапчукі на конях...

Але яшчэ быў Менск: сюды праводзіў і адсюль, з Бярэзіны, чакаў прыезду.