Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 34

Віктар Карамазаў

Карцiна сталася сваiм Палесьсем, бо хто яшчэ яе мог напiсаць? I ўсё ж, ня мог сказаць, як на яе глядзеў: «Маё Палесьсе». Розьнiца як быццам малая: маё цi сваё — i не малая. Маё — шмат большае за сваё. А што там — шмат?..

Праз колькi гадоў зноў вернецца да воблака, якое плыло над Чыкалавiчамi. Гэта ўжо калi памяцьцю ды ўражаньнямi ад маленства ўспомнiць сваю Красуню.

Адкуль яна прыбегла ў ягонае жыцьцё?

Дагарала лета сорак першага году. Немцы яшчэ не прыйшлi, а нашы пылiлi за вёскаю, адступаючы на ўсход i пакiнуўшы каля вёскi жаробачку: танканогую, трапяткую, масьцю як вылепленую з чарнёнага старога срэбра. Прывёў яе ў свой двор. А як вёску пачалi наведваць то немцы, то партызаны, схаваў у лесе. Сам рос, i жаробачка падрастала, дужэла. Прыйшоў дзень — ускочыў на яе. Узьвiлася, нiбы птушка, панесла, каб з сябе скiнуць блазна, а ён за грыву аберуч учапiўся i ўтрымаўся. А ўжо як немцы адступiлi за Прыпяць, падыходзiла наша войска, наладзiлi ў вёсцы, як на сьвята, гонкi на конях — не адзiн жа Гаўрыла хаваў скакуна ў лесе. Красуня ўсiх абышла. Ён тады даў ёй у зубы цуглi, i ўжо на фiнiшы ўзяў повад на сябе, забыўшы, што зацугляная. Жалеза як пеканула, дык яна зьлёту i прыкiпела капытамi да зямлi. Ён — праз яе. Грудзьмi аб зямлю храснуўся — кроў з роту. Ляжыць, а яна вакол кругамi ходзiць, галаву зьвесiўшы, вялiзным вокам косiць — столькi ў iм болю! А на ногi падняўся — заржала, радая, ажно ўсе, хто там быў, скаланулiся.

Зноў на мальберт кардон паставiў, большы, як з першым воблакам, i яшчэ воблака паклаў, другое, падобнае на тое, хоць i паўтору ня даў. Быў тут i лес, Раўкi, была Дамаха, але бяз тых, на выгане, чырвоных коней. У паветры, на ўзьлёце ў неба, Красуня — жывое срэбра на фоне трывожна ўзьвiхураных зямлi ды неба, дрэваў i кустоў. Узьвiлася, як пад iм, у дзiкай радасьцi. А можа, у трывозе? Выганчык сьветлы, сонечны, а пад кабылкай цень i ў ценi плямка чырванi густой. Чыя кроў?

Карцiну назаве нечакана: «Душы iмкненьне». Нечаканасьць — не выпадковасьць. Вандроўкi па Палесьсi, закаранёнасьць у iм давалi адчуваньне прысутнасьцi жывой душы ва ўсiм, што вакол бачыў, у тых самых дрэвах, воблаках, конях, птушках, i безумоўна ў Красунi, у Пальмы, у Машкi.