Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 32
Віктар Карамазаў
Перада мною быў партрэт Караткевiча. Непакорны грабянцу чуб, тонкiя рысы маладога твару, востры позiрк вялiкiх задумлiвых вачэй за небакрай, а над галавою — iмклiвая, у хуткiм палёце, ластаўка. Ён мне глядзеўся тут такiм, як быў у свае самыя рамантычныя гады, калi пiсаў «Цыганскага караля», «Рамана Ракуту», «Каўчэг», а то, магчыма, i «Дзiкае паляваньне караля Стаха» — дасьвiцязянскае.
— I сам як ластаўка...
— А яна гэтакая птушка, — заўважыў мастак, — заўсёды пiльнуе сваё гнязьдзечка. Як пiльнаваў сваё паэт. З гнязда вылецiць i да яго вернецца. Роднаму дому нiколi ня здрадзiць.
Паэту гнезьдзiшчам быў замак за сьпiною. У высокiм аконным проймiшчы, з якога выпырхнула ластаўка, палала падобнае да вогнiшча сонца, ва ўсе бакi сыплючы чырвоным праменьнем.
Мастак злавiў маю рэакцыю — заўважыў:
— Дадому, у роднае, ён нас усiх вяртаў. Я гэтакiм яго ўбачыў, запомнiў i напiсаў.
— З натуры?
— Валодзi ўжо не было. Пiсаў па памяцi.
Чырвонае сьвятло гуляла па твары паэта i па птушыных крылах.
З майстэрнi мы выйшлi на лесьвiчную пляцоўку да лiфта. Выклiкаць лiфт не сьпяшалiся. Тут было вялiкае акно, i мы стаялi каля яго, з вышынi шостага паверху глядзелi на вулiцу, на горад. Сыпаў сьнег. Было адчуваньне, што памiж размоваю ў майстэрнi i прыпынкам каля лiфта прабегла доўгая пара году. Там зiхацела сонечная чырвань, тут — ляжаў белы сьнег.
Гэтак у галовах сiгалi думкi — мастак зноў вярнуўся да размовы ў майстэрнi:
— Ня ведаю, чаму ЦК прывезла Караткевiча, на што разьлiчвала, а як з мастакоў выбралi мяне — здагадваюся. Памiж выставаю з маiм iдэйна заганным нацюрмортам i Сьвiцязьзю прайшло паўгоду, i ў тым прамежку была адна падзея. Ды я ўжо расказваў...
Мацнеў марозiк, сыпаў сьнег, было i сонечна, i сьветла ня толькi ад сонца, але i ад маладога першага сьнегу. Дадому ў гэтакае надвор’е я не сьпяшаўся, iшоў, гуляючы, вакол сябе чуў толькi сьнег, зiмы лагоду, а ў сабе — запiсаныя на нейкую там стужку ўспамiны мастака пра тое, як яшчэ да той вясновай Сьвiцязi ў Маскве на ВДНГ, абрэвiятуры добра вядомай у краiне саветаў, ладзiлiся днi Беларусi i з гэтае нагоды адкрылася вялiкая мастацкая выстава. Тады ў жывапiсе панавала жорсткая iерархiя тэмаў ды жанраў, узнагароду мог атрымаць твор, напiсаны пра Ленiна цi Кастрычнiк, цi пра гегемона — рабочы клас, на крайнi выпадак пра калгаснае сялянства. Увагi на пейзаж не зьвярталi, а нацюрморт iшоў самым апошнiм радком: нi прэмiяў, нi медалёў. I раптам — гром з яснага неба: медаль, самую высокую ўзнагароду, атрымлiваюць «Цыкламены». Упершыню ў краiне — за нацюрморт. А яшчэ i Трацьцякоўка зьдзiвiла: купiла з выставы ўсяго адну работу i тая работа — зноў «Цыкламены».
Я тады спытаў:
— Адтуль вярталiся i не хахлом, i не фармалам?
Мастак задумаўся. У яго, як я заўважыў, была вартая iнтэлiгентнага чалавека звычка не сьпяшацца са словам, не выпускаць яго на волю наперадзе думкi.
— Але пасьля Сьвiцязi абулi ў лапцi нацыяналiста.
Апошняе ён вымавiў бяз жалю i бяз суму, як звычайнае ў нашым камунальным доме, яшчэ ўсьмiхнуўшыся, хоць усьмешка адразу i пагасла. Вясёлага ў тым было мала.