Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 31
Віктар Карамазаў
Мы сядзелi на канапе i разважалi пра мастацтва. Я спытаў, узiраючыся ў незавершанае палатно:
— Ёсьць i назва?
— Блакiтная поўня Уладзiмiра Караткевiча. Гэтак хацеў назваць. А цяпер зьявiлася яшчэ адна — Ценi Гальшанскага замка.
Якраз нядаўна я быў у Гальшанах, i тое, што бачыў там ад замка, не супадала з выявай на карцiне.
Пацiкавiўся:
— А вы былi ў Гальшанах?
— Ну, як жа? Доўга хадзiў па замчышчы i навакольлi. Хацеў ня толькi ўбачыць тое, што засталося ад былой велiчы, але вокам i думкаю прабiцца праз стагоддзi ў даўнiну. Хоць тут у мяне ад вядомага рамана не шмат, больш ад паляваньня караля Стаха. Нам ад тых часоў застаўся ўсяго толькi зваблiвы подых гiсторыi.
Чырвань плыла па палатне, з палатна сплывала ў паветра майстэрнi, гусьцела, адлiвала сiнiзною адвячорка, рабiлася пурпурова-трывожнай i зноў сьвятлела, празрысьцела. Я глянуў на акно — па шыбах гулялi срэбра i золата. Устаў з канапы, павярнуўся тварам да iканастасу: чырвоная брама пад сонцам ад акна была падобная на вогнiшча, ажно рама карцiны плавiлася ў чырванi, i цi не адсюль, цi не ад брамы яе чырвань у сонечным праменьнi рэфлексiравала па карцiнах-абразах, па майстэрнi, запальваючы нават i шэрыя таны незакончанай, на мальберце, работы. Пагоня прыкоўвала ўвагу — думкi вярталiся да яе.
— З Караткевiчам былi добра знаёмыя?
Мастак зрэагаваў адразу, як усё роўна тое, што я хацеў пачуць, ляжала блiзка ў памяцi:
— Мы пазнаёмiлiся на Сьвiцязi...
Была вясна, быў год 1967. ЦК камсамола сабраў на Сьвiцязi творчую моладзь. Прыгожае возера каго не натхняла? Была ахвота i ўладзе натхнiць маладых паэтаў ды мастакоў на сьпевы пра партыю ды камсамол. Прывезьлi Караткевiча, каб павучыў маладых лiтаратараў, як пiсаць оды. Прывезьлi Вашчанку — даверылi мастакоў. Першы дзень — знаёмствы, сон на беразе возера. А ранiцай разьвялi па семiнарах. Пайшлi чуткi, што Караткевiч сваiх выхаванцаў павядзе да старажытнай цэркаўкi. Вашчанка да яго: можа, i мастакам будзе цiкава? А той i рады вялiкаму гурту: цудоўна, стары, пойдзем разам. Пайшлi. Шукалi занядбаную цэркаўку, а знайшлi прыгожы касьцёл i там людзей мора — сьвятар маладых, жанiха ды нявесту, бласлаўляе. А ў той час што было? Стаць пад вянец — як пад сякеру. Дазволу не давала ўлада. I раптам — вянец пры ўсiм народзе. Тут паэты з мастакамi i прыкiпелi: паэзiя! Вярнулiся на возера — сустрэў сам сакратар ЦК. Дзе былi ды што рабiлi не пытаўся: саксоты ўжо данесьлi i пра вянец, i пра паэтаў з мастакамi ў касьцёле. Пасьля абеду паклiкаў Караткевiча i Вашчанку да сябе ды кажа: зьбiрайце манаткi, сядайце ў аўтобус ды вяртайцеся ў Менск — тут вам ня месца.
Я спытаў:
— Прывезьлi i назад павезьлi? Не прадбачылi?.. Але ж звычайна служба ЦК прамашкi не давала?..
Мастак усьмiхнуўся, як не ўсьмiхаўся, напэўна, тады на Сьвiцязi, i падышоў да карцiн, што шэрагам, адна каля адной, стаялi ў масiўных рамах на падлозе, пачаў iх рассоўваць, пераглядаць. Дастаўшы адну, паставiў насупраць каля мальберту.