Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 29
Віктар Карамазаў
Пачуў крокі. Павярнуўся да іх, пачутых, тварам. Дзьверы адчыніліся — на парозе стаяў Іван Рэй.
— Ну, дзякуй Богу!.. Я колькі дзён цябе чакаў!..
Сказаўшы, пасьля толькі падумаў, што сапраўды чакаў сябра. Хто яшчэ, як ня ён, мог і павінен першым убачыць новую работу, сказаць пра яе слова праўды?
— А я прыходзіў. Ты працаваў. Апантаны, як мог мяне заўважыць?
— І ты быў тут? І я цябе ня бачыў?
Ня мог паверыць.
Сябра глядзеў на пастаноўку — жывыя цыкламены.
— Я іх таксама прыкмеціў у краме. Яны і мне там спадабаліся. Таксама хацеў купіць. Ты апярэдзіў.
Сказаў пра цыкламены ў краме і маўчаў пра тыя, што былі на палатне. Гаўрыла чакаў: яшчэ напэўна скажа? Але маўчаў і сябра. Тады не стрымаўся:
— А я, ведаеш, гэтым нацюрмортам адчуў, што пісаць, як мы з табою пішам, больш не магу. Капіраваць натуру, якую
нам на радасьць дае прырода, дакуль можна? Ну, вядома, натуру кожны бачыць па-свойму. Але гэтае меры творчасьці на палатне мне мала. Хачу ствараць сваю прыроду. Жывой натуры можна дазволіць, каб мастака натхняла, запальвала сваім, ад Бога, узорам, але — не далей. Прырода хай кіне мне, як быку Гоі, чырвоны амулет, каб я, як бык, разьятрыўся ў творчым шаленстве, адчуў, як зьвер, пах крыві — пах поўнай волі, і ў бойцы, можа, з самой натурай, спрачаючыся з ёю, сьцьвердзіў сябе на поўніцу.
— Але як зразумеюць такога людзі?
Ад нечаканай думкі прыціх, ажно ўвесь згарнуўся, сьцяўся, а потым яшчэ мацней узарваўся:
— Што?! Хто-о?! Вуліца?.. Каб яна, ня ведаючы, што ў мастака на душы, у сэрцы, нават, можа, не жадаючы гэта ведаць, судзіла?.. Гэта табе галоўнае?.. Ну, не!.. Я ім, суддзям, сам-Бог, а не пастух, ня шыбенік тым больш!..
Чакаў, што і на гэта адкажа сябра. Не дачакаўся і гэтым разам. Размову зьвёў на жарт:
— Такая мне бяда, хто што падумае ды скажа. Ну, хадзіў у хахлах, буду хадзіць у фармалістах. Што больш ганаровае? Быць хахлом ці фармалістам?
Зьняў нацюрморт з мальберту і загарнуў у стары плакат, які пыліўся на падаконьніку.
Калі выйшаў з майстэрні, ужо на прасьпекце, трымаючы нацюрморт у руцэ, падумаў, як добра зрабіў, што ўзяў з сабою, — навошта пакідаць там, дзе яго не разумеюць? І яшчэ пра тое была думка, што сябру трэба быць удзячным. Калі і не ўхваліў работу, дык гэта не бяда. Хіба ён сам усё прызнае ў Рэя, у іншых? Добра, што не зманіў, тое сказаў, што думае.
Ішоў па Менску з дзіўным адчуваньнем, як усё роўна нёс не карціну, а нештачка такое, чаго яшчэ ніколі не трымаў у руках, бо ня меў, і што давала незвычайнае, новае адчуваньне самога сябе. Адчуў сябе новым мастаком. І нават новым чалавекам.
Мінула яшчэ паўгода. Была восень. У Мастацкім музеі адчынялася выстава маладых жывапісцаў. Работ сабралася шмат — ледзь зьмясьцілі на першым паверсе, аддаўшы пад выставу ўсе залы. Гаўрыла вывесіў нацюрморт. І вось — першыя наведнікі: самыя сур’ёзныя аматары жывапісу і самі жывапісцы. Эмоцыі стрыманыя — цішыня. Кожны глядзіць ды аглядаецца: што скажуць іншыя, зьлева і справа, сьмелыя. А сьмелых мала, як заўсёды.