Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 2
Віктар Карамазаў
— Лёс мастака i лёс радзiмы — адзiн.
Цяпер яго я толькi чуў, а бачыў бусла, бялюткага, з жалобна ўскiнутымi ў прычарнобыльскае неба пёрамi.
Старажытны горад сьвяткаваў адкрыцьцё карцiннай галерэi свайго мастака. Ён быў тут свой па праву каранёў, адзiнакроўнасьцi, жыцьця пачаткаў i дарогаў, якiя неаднойчы вялi адсюль у шырокi сьвет, як i сюды вярталi — у родны дом.
Пра каранi
Жыў-быў Пампей.
У вёсцы Чыкалавiчы, пад Брагiнам, ён аб’явiўся нячутна, ды заўважылi яго тут адразу, ня толькi таму, што вёска ёсьць вёска, навылёт прадзiмаецца вятрамi ды прастрэльваецца вачамi, але яшчэ таму, што быў Пампей вельмi прыгожы, асiлак. Цiха зьявiўшыся, цiха i будавацца пачаў, ня ў вёсцы, як усе будавалiся ды жылi, а за вёскаю, на рэчцы Брагiнцы. Людзi думалi, што Пампей будуе сабе дом, а ён iм пабудаваў млын. Падалiся мужыкi на млын зерне малоць, i кожны казаў: “Еду да мельнiка”. Гэтак Пампей прыдбаў сабе ў Чыкалавiчах яшчэ i прозьвiшча Мельнiк.
Далей — болей: закахалася ў Пампея мясцовая панi Навашыцкая. Аж сохла па iм. Ды ён яе не заўважаў. I тады зазлаваў пан. Цi што панi закахалася ў мужыка, цi што мужык не хацеў яе бачыць? Каб выжыць з Чыкалавiчаў, пан спалiў ягоную сядзiбу. А сьледам i вясна пасобiла не мужыку — пану: паводкаю змыла млын. Надта не бядуючы, Пампей пабудаваў дом у вёсцы, самы, на ўсю вёску, вялiкi ды прыгожы, а за домам паставiў новы млын, вятрак, i ўзяў у жонкi мясцовую сялянскую дзяўчыну. Нарадзiўся ў iх сын Мiхась. Далёкай навукi, як i бацька, не шукаў, узяў ад яго мужыцкую сiлу, мудрасьць, да любога сялянскага занятку здатнасьць i грамату. Малоў мужыкам ячмень ды жыта, са свайго мазаля забагацеў i ажанiўся з дзяўчынай Ганнай. Нарадзiла Ганна пяцёра дзяцей — Надзею, Вiктара, Клаўдзю, Алёну ды Цiмоха. Усе яны жылi з зямлi, за зямлю ваявалi i памiралi.
За якiм часам гэта ўсё адбывалася? Ды можна сказаць, што нядаўна. Мiхась нарадзiўся за дваццаць гадоў да пачатку мiнулага дваццатага стагоддзя, а Пампей памёр пад самую калектывiзацыю. Пампея караў пан Навашыцкi, у панства ўзьведзены царом, а Мiхася — ГПУ, ад якога мужык змусiў кiдаць сваю зямлю, сям’ю, вёску, хавацца на Украiне. Будаваў у Чарнобылi яўрэям дамы, як званы, i ў родную вёску вярнуўся, як надышоў час памiраць.
Гэтакi радавод ад Пампея Мельнiка. А яму насустрач, каб параднiцца, прыйшоў род Мiны Вашчанкi, таксама мужыцкi.
На сьвет Мiна зьявiўся ў вёсцы Калыбань, што каля Брагiна, дзе i Чыкалавiчы, i там ажанiўся з мясцовай дзяўчынай Сынклетай, якая нарадзiла дванаццаць дзяцей. Памёр Мiна яшчэ не старым, а Сынклета пражыла сто васемнаццаць гадоў, перажыла ўсiх сваiх дзяцей i да апошняга дня працавала.
Харытон, першынец Сынклеты, ажанiўся з Надзеяй Мельнiк з роду Пампея. Надзея ўдалася вельмi прыгожая ды працавiтая, уся ў дзеда. Да яе сваталiся лепшыя хлопцы, гаспадары, i быў дзень, калi ў вёску наехала ажно дванаццаць жанiхоў. Але з усiх, сабе па сэрцы, яна выбрала Харытона i ад яго нарадзiла двух сыноў — Мiкалая i Гаўрылу. Харытона неўзабаве раскулачылi, выслалi, праз пяць гадоў лагерных пакутаў ён быў вярнуўся, але яшчэ праз тры гады зноў забралi, як нейкага там ворага народу, i ён памёр у сiбiрскiм ГУЛАГу. Дом Харытона калгас раскiдаў, бярвеньне перавёз на сваю будоўлю, i Надзея з малымi дзецьмi шмат гадоў хадзiла па чужых хатах, пакуль у сям’i не падрасла мужчынская сiла. Калi старэйшаму Мiкалаю набегла шаснаццаць, а малодшаму Гаўрылу дзесяць i хлопцы ўжо трымалi ў руках сякеры, збудавалi новы дом. Было гэта ў трыццаць восьмым. А праз пяць гадоў, у вайну, дом згарэў падчас бою партызанаў з немцамi. I пачала Надзея з сынамi зноў будавацца. Хоць тым пашанцавала, што з Чарнобылю ў вёску вярнуўся бацька Надзеi Мiхась, сын Пампея, ды што карову пасьпелi схаваць у лесе i ад немцаў, i ад партызанаў. Дзед Мiхась навучыў яе хадзiць у ярме, станавiцца ў плуг, i ёю вывезьлi бярвеньне на дом, аралi зямлю. А тут — галадоўка, пайшоў касiць тыф. Карова была i цяглом, i кармiцелькаю — ад усiх бедаў ратавала. Дом паставiлi новы, а Гаўрыла, якi вучыўся ўжо ў сёмым класе, яшчэ i адмысловую браму выштукаваў з дугою наверсе.