Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 15
Віктар Карамазаў
Па Кiеве загаварылi: прыехаў, каб знайсьцi Бога, а знайшоў д’ябла — якi жах!
Драма накладалася на драму.
Але што ўсё гэта азначала i вызначала для маладога Гаўрылы Вашчанкi? Сардэчная драма Урубеля — што? Бо ўсё ж не Урубель, хоць ён i генiй, вядзе нас па суцемках свайго жыцьця ў мастацтве, вядзе Вашчанка, тут Урубель — знак прыдарожны, ня болей. Што знак студэнту высьвецiў? Цi прафесар выпадкова паклаў перад iм папку з малюнкамi i ўсё гэта, пачутае ды ўбачанае, ня выклiкала водгуку ў душы i ў думках маладога чалавека?
О, не! Гаўрыла ўжо думаў пра жыцьцё ў мастацтве i драму вялiкага мастака адчуў як драму не абывацеля, а творцы, дзе ўсё дарэшты вытлумачвалi не абывацельскiя страсьцi, а таемныя парывы творчай душы, яе звышсiлы, звышэмоцыi. Ён бачыў, што тэмперамент мастака выяўляўся ня толькi ў пакоях Прахава, дзе жыла Эмiлiя Львоўна, але i ў саборах, дзе на тынкоўку скляпеньняў, сьценаў, калон мастак клаў арабескi росьпiсаў, ствараў вобра зы ў абразах i фрэсках, за акварэльнымi аркушамi i за мальбертам. Сэрца мастака не магло дваiцца, яно аднолькава крывавiла ўсюды, у саборах i ў пакоях. Гэта ведаў i Прахаў, бо быў прафесарам у навуках тонкiх. Дык цi не хацеў ён, знаёмячы студэнта з драмай генiя, давесьцi, што радасьць i бяда ў мастацтве калi не раўназначныя, дык раўнапраўныя, i чым большая даецца радасьць, тым большая наканаваная драма? Навошта гэта было прафесару? Каб запалохаць студэнта? Каб не спазьнiўся потым з пытаньнем да сябе: цi варта пнуцца ў вялiкае мастацтва, калi там вар’яцее нават генiй?
Прафесар грунтоўна засяваў аблогу маладой душы. Але каб узьнялася рунь страху цi хоць малой разгубы? Не.
Гаўрыла памятаў, як ад папак з Урубелем бег у саборы, шукаў там жывапiсныя сюжэты i вобразы, арнаменты i фрэскi мастака на белых сьценах, па скляпеньнях ды арках. Там пакутаў творцы не знаходзiў. Былi там радасьць ды благадаць.
Плылi апсiды, купалы, крыжы, нэфы, аркi, дэкаратыўныя аблямоўкi аконных проймiшчаў, абразы i мазаiкi, пабiтыя, нiбы маланкамi ды маразамi, шчылiнамi стагоддзяў, уваччу ўспыхвалi фрагменты славутых старадаўнiх фрэсак, i ён, ужо не студэнт, мастак, якi прайшоў абраную навуку, пазнаваў “Дары Пятра Магiлы” — даўнiну!, — “Цудоўную лоўлю рыбы” — яшчэ даўнейшае, што пражыло аж тысячу гадоў, у рыбацкiх сецях ды марской пене бачыў сьляды ня толькi доўгага жыцьця, але i сьмерцi фрэскi, а далей мiльгацеў адноўлены дэкор над аркамi фасада Троiцкай надбрамнай царквы i, нiбы асобна ад яе, надбрамнай, “Еўхарыстыя” — у агняным тоне лiкi сьвятых айцоў-цароў, “Хрышчэньне Эфiопа” з пейзажам i ў пейзажы, дзе рэчка i над ёю каменны мост, замак, карэта на дарозе i паломнiк, а сам Бог у храме ня крыжам, а венiкам хрысьцiў нячыстых, мёў з храма гандляроў — пад ногi сыпалiся кашы, з кашоў — цыбуля, яйкi, ад гневу нябеснага беглi авечкi, козы, сьвiньнi, нiбы якi патоп iх гнаў, i ўсё гэта было жывое — высокi жывапiс у пластыцы фiгураў i рэчаў. Тут не адзiн надбрамны храм. Былi Хрыстос i Майсей, апосталы, анёлы ў стылi ня толькi Вiзантыi, але i часоў навейшых. Царква Кiрылаўская? О, матухна! Пераўстварэньне Урубеля. “Сашэсьце” на харах i “Плач” у прытворы — да iх, каб хоць аднойчы бачыць, iшлi як да крыжа, хто верыў i ня верыў, усе iшлi ў веру. Тады, iх пiшучы, мастак яшчэ ня думаў пра антыхрыста, дэманы яшчэ не абжылiся ў яго душы i целе, ня iх шукаў-выпешчваў, прыехаўшы ў Кiеў, а Бога, хоць Бiблiю чытаў вачыма сьвецкага чалавека i для выявы апосталаў браў сьвецкую натуру. За гарбатаю з сахарынам ды пiражкамi прафесар паведаў студэнту зусiм нечаканае, што яшчэ вышэй узвысiла яго ў вачах Гаўрылы: апосталаў, усiх дванаццаць, мастак пiсаў з жывых людзей. Iх Прахаў ведаў. Шмат з якiмi быў блiзкi. Паказваў нават апостала, напiсанага з бацькi Адрыяна Вiктаравiча. Сам Мiкалай Адрыянавiч пачаў бачыцца Гаўрылу ў сьвятле агню, што на апосталаў клаў Сьвяты Дух, Голуб, зьляцеўшы з неба. Тут была воля Урубеля, падобная ледзь не на волю Сьвятога Духа. Дык што ж гэта, мастацкi талент, як не пячатка Бога? Тым больш мастацкi генiй. Цi не апякуе сам Бог кожнага добрага мастака?