Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 14
Віктар Карамазаў
Прахаў падышоў да шафы з кнiгамi, прынёс i паклаў на стол перад Гаўрылам таўстую папку:
— Вось тут сам Урубель, нават такi, якога мала хто ведае. А ў крэсле, у якiм вы седзiцё, ён любiў па вечарах сядзець i маляваць. Малюнкi, як адыходзiў, пакiдаў. А мама складала iх у папку. Берагла.
Неяк Гаўрыла i другi раз апынуўся ў гасьцях у Прахава. Гаспадар кватэры прынёс ужо iншую папку. У ёй былi малюнкi i акварэлi Васьняцова, Несьцерава, Сьвядомскага, Катарбiнскага, якiх старэйшы Прахаў прыцягваў да росьпiсу Уладзiмiрскага сабору ў Кiеве. Ляжалi ў папцы i малюнкi Урубеля. Заўважыўшы, як iмi зацiкавiўся студэнт, прафесар сказаў тое, што не казаў раней:
— Калi Урубель расьпiсваў Уладзiмiрскi сабор, ён шмат пiсаў i замалёўваў маму, яе твар, вочы, рукi, сьцiплую ўсьмешку. Шукаў у ёй выяву Багародзiцы.
У папцы ляжалi малюнкi алоўкам, акварэльныя эскiзы з Эмiлii Львоўны, i ў тых работах Гаўрыла бачыў ня толькi тэхнiку, майстэрства штрыха ды лiнiяў, празрыстую прывабнасьць акварэльнай плямы, але парывiстае дыханьне мастака, пачуцьцё да натуры, чысьцiню i лёгкасьць у кожным дотыку да аркушу.
Раптам, нiбы адчуўшы, што выявiў у малюнках ды акварэлях студэнт, Прахаў, хвалюючыся, прызнаўся:
— Урубель кахаў маму.
I ўжо сьпяшаючыся, як баючыся, каб студэнт не падумаў штосьцi большае, як было, дадаў:
— Бацька як мог ратаваў справу аздабленьня сабору i мастака, залiшне, па маладосьцi, тэмпераментнага, паслаў на свае сродкi ў Венецыю, каб ён там пабачыў работы выдатных майстроў iканапiсу, павучыўся ў iх, пiшучы, трымацца маральных рамак i папрацаваў над iконамi для сабору. Але памылiўся ў сiле тэмпераменту Урубеля, як, дарэчы, памылiўся i Чысьцякоў, прафесар Пецярбургскай акадэмii, рэкамендуючы для гэтае работы ў кiеўскiх саборах Урубеля. Венецыя, якую мастак, разам з Джаванi Белiнi, багатварыў, надоўга не ўтрымала, i ён вярнуўся ў Кiеў, калi яго тут яшчэ не чакалi...
Кожны чацьвер кватэра Прахавых зьбiрала гасьцей. Прыходзiў i Урубель. Ён сядаў у крэсла насупраць Эмiлii Львоўны i маляваў яе ў розных ракурсах, кампазiцыях, настроях. Маляваў яшчэ да ад’езду ў Венецыю, але, вярнуўшыся адтуль, настойлiва шукаў у ёй вобраз для iконы.
Нарэшце Багародзiца была напiсаная. Усе, каму давялося яе ўбачыць, былi ў захапленьнi ад жывапiсу i мастацкага вобразу. На залацiстым фоне, у аксамiтавых, чырвона-бардовых тонах, Багародзiца трымала на каленях дзiця, седзячы ў крэсьле з высока ўзьнятай, ня ў правiлах царкоўнай дагматыкi, галавою, накрытаю хусьцiнай, а ў твары, у вачах былi i радасьць, i годная самота, i прадчуваньне выпрабаваньняў лёсу. Высокае i звычайнае, нябеснае i зямное, боскае i людское ядналася ў твары, безумоўна, Эмiлii Львоўны. Гэта зьбянтэжыла айцоў царквы. Ды i самога Адрыяна Прахава. Сабор iкону не прыняў. А што ж Урубель? Ён гэта чакаў цi не? Хоць нечым, пiшучы, перасьцярогся? Iканапiсны твар хаваў, вядома, усю абаяльнасьць Эмiлii Львоўны, яе вельмi выразныя, страсна-прыпухлыя вусны тут былi сьцiпла самкнёныя, вялiкiя ясныя вочы глядзелi на сьвет адчужана, амаль бясстрасна. Мастак шмат чым ахвяраваў. Але пачуцьцi да Эмiлii Львоўны як да жанчыны сьвецкай схаваць ня змог. Пахаладаньне ў адносiнах з Прахавым стала немiнучым. I разам з тым немiнучаю была драма каханьня. Прыйшло i большае: Урубель пачынае выпешчваць у творчым уяўленьнi вобраз Дэмана.