Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 16
Віктар Карамазаў
Яшчэ не мастаком, студэнтам паклаўшы ўсе тыя думкi ў адзiн ланцуг, iх асьвяцiўшы прыхiльнасьцю да сябе прафесара, Гаўрыла адчуваў, што ён таксама можа апынуцца ў коле апекуноў Сьвятога Неба. Навошта хiтраваць? Хiба ён не прыйшоў у мастацкую вучэльню, каб знайсьцi поўню радасьцi?
А страх усё ж быў. Калi i тут не хiтраваць i не манiць. Хiба ж ня ён i гнаў ад Прахава ў тую начную цемень, шытую яшчэ зiмовым сьнегам i ўжо вясновым дожджыкам, на бераг Дняпра? Бег, не дапiўшы гарбату ў кубку. з кавалкам пiражка ў руцэ.
Белая лесьвiца ў неба
Сталiца мела свой нораў: то апускала на дно глыбозных, нiбы расколы д’ябла, яроў, заманьвала ў старадаўнiя пячоры, у нетры хрысьцiянскай ды славянскай даўнiны, з каменю ды смаловага дрэва клала пад ногi сходы, доўгiя вiхлястыя лесьвiцы, а то ня менш доўгiмi ды вiхлястымi падымала на стромы, пагоркi, горы, званарнi ды муры, заваблiвала вышэй i яшчэ вышэй. А з усiх лесьвiцаў былi дзьве, што вызначалi жыцьцё наперадзе, вялi ў сьвет i да сябе самога. Адна — унiз, у нетры Кiеўскай Русi, ключы ад якой ляжалi ў руцэ Прахава. Другая — з белага мармуру, угару, i там, куды вяла, здалёк былi вiдаць белыя, з таго мармуру, калоны, белыя залы, ля ўваходу ў якiя стаяла маладая прыгожая жанчына ў сьветлай сукнi, з доўгай чорнай касою, перакiнутаю цераз плячо, стромая i лёгкая, усьмiхалася насустрач кожнаму, хто зьнiзу падымаўся да яе.
— Завiце мяне Тацянай Нiлаўнай. А прозьвiшча — Яблонская. Я буду вучыць вас жывапiсу...
Вядомая ў Кiеве мастачка ставiла перад студэнтамi першага курсу гiпс, збан i казала: малюйце. Хацела адразу ўбачыць, хто як трымае ў руцэ аловак. А яны — таксама нецярплiвыя: што вы цяпер пiшаце? У той час шмат гаварылi пра яе апошнюю работу “Перад стартам” — студэнцкую зiму на лыжах. Карцiна дыхала маладой сьвежасьцю, расхiнутасьцю, свабодаю пачуцьцяў, выяўляла вобраз самой мастачкi, блiзкi студэнтам, а друк накiнуўся: уплыў варожага iмпрэсiянiзму. Чаму варожага? Усе чакалi: чым яна адкажа на крытыку? I адказала чатырохмятровай карцiнаю “Хлеб” — той самай, сабе ня здрадзiўшы, шчырасьцю характараў, багацьцем сьвятла, пленэрнай натуральнай пластыкай. Зьбянтэжылiся ахоўнiкi сацрэалiзму: ёсьць аптымiзм, але чаму так мала лiтараў на мяху са збожжам — “К-п iм. Лен.”? I дзе тут, у самае жнiво, парторг? Дзе старшыня калгоспу? Прыгожая дзяўчына ў цэнтры — уся iдэя?