Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 13

Віктар Карамазаў

Першыя пасьля вайны зiму ды вясну Кiеў ляжаў у развалiнах. Студэнты сноўдалi па iм галаднейшыя за бяздомных шчанюкоў. Быў люты мор. Кавалак, калi зьяўляўся ў каго з сяброў, цяжка было дзялiць на шмат ратоў, але здабыць можна было толькi гуртам. Гурты галодных студэнтаў, як заканчва­лiся заняткi, брылi па вулiцах у пошуку таго кавалка. З вулiцы Арцёма, дзе вучылiся, звычайна падымалiся ў багацейшы Верхнi Горад, адтуль спускалiся на дабрэйшы, з рабочым людам, Падол, а далей была апошняя надзея — Дняпро i рынак, рыбакi i гандляры, мянялы. Знаходзiлi цi не знаходзiлi, што зьесцi, а на ноч вярталiся да вучэльнi, бо iншы прытулак меў мала хто. Актавая зала на трэцiм паверсе ператваралася ў начлежку, а там усе, як мухi на са лодкае, цягнулiся да батарэяў ацяпленьня, хоць цяпло ад iх было сiмвалiчным. Аднойчы ранiцай, калi начлежнiкi прачнулiся, пазгортвалi шмоткi, каб актавая зала выглядала прыгоднай для заняткаў, нехта пад батарэяй усё яшчэ ляжаў, не варушыўся. Студэнта паднялi — быў мёртвы. У той дзень хавалi i студэнта, i начлежку. На яе дзьверы адмiнiстрацыя павесiла замок.

Дзе жыць? Дзе спаць? На кватэры студэнтаў ня браў нiхто, ведаючы, што плацiць у iх няма чым. Гаўрыла з сябрамi выйшлi за горад, знайшлi напалову разбураны барак былой цагельнi. У бараку стаяла печка, вакол бараку можна было зьбiраць гальлё. I там зазiмавалi. А на другiм курсе Гаўрылу i яго двум сябрам удалося ўбiцца ў ласку да дырэктара вучэльнi, i той iх прытулiў у сваiм рабочым кабiнеце. Дзень да вечара там працаваў дырэктар, а на ноч ключы ад кабiнету аддаваў хлопцам.

Аднойчы пасьля заняткаў, як сьцямнела, у час рандэву зiмы з вясною, калi на вулiцы мяло дажджом i сьнегам, Гаўрыла адважыўся прапанаваць Прахаву правесьцi яго дадому, а як падышлi да пад’езду, дзе жыў прафесар, той запрасiў на вячэрнюю гарбату, i Гаўрыла не адмовiўся — калi яшчэ студэнту давядзецца пiць гарбату з прафесарам? Цукру ў Кiеве не было, але быў сахарын. I дужа смачныя пiражкi былi ў глыбокай прыгожай талерцы на стале. Гаўрылу ўсё хацелася спытаць, хто iх пёк, каб дазнацца, з кiм прафесар жыве, бо насьцярожвала цiшыня ў кватэры — нi галасоў, нi крокаў, нi жывога ценю, i ўсё падказвала, што тут жыве самотнiк. Але размову вёў гаспадар, i ён бачыў, куды страляюць вочы студэнта, угадваў яго думкi.

— Сюды нашая сям’я пераехала з Пецярбургу, калi Кiеву спатрэбiлася бацькава галава, як знаўцы Кiеўскай Русi, гiсторыка яе культуры, археолага, эксьперта. У нас тут была вялiкая кватэра, у пакоях заўсёды чулiся галасы i крокi вялiкiх мастакоў, вучоных, артыстаў. Прыйшла рэвалюцыя — пакоi нацыяналiзавала, нам з iх пакiнула два невялiчкiя ды калiдорчык. I ўсё ж, калi ўмееце слухаць рэчы, сьцены, падлогу, тут i цяпер пачуеце галасы i крокi Васьняцова, Несьцерава, Урубеля. Дарэчы, вы любiце Урубеля? Студэнты яго любяць.