Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 17

Віктар Карамазаў

Аднойчы настаўнiца зайшла ў клас, а там спрэчкi вакол яе карцiны. Цiха села за стол — слухае. Як усе замоўклi, яе раптам заўважыўшы, яна прадоўжыла размову:

— Ой, далася мне гэтая работа! Усё, здавалася, знайшла. Сьвятло, тон, вобразы, настрой, а не хапала стрыжанька — натура наравiстая, разьлятаецца. Чым паяднаць? I вось прыходзiць да мяне дадому дзяўчына — з вёскi малако насiла. Чарнявымi вачыма кiнула па маiх непрыбраных пакоях ды кажа: я вам памыю падлогу. Адразу падол спаднiцы за пояс заткнула, рукавы кофты закасала — дзе вада, ануча? А твар аж зьзяе радасьцю, здароўем. Ня дзеўка — песьня. Тут я адразу: стой, мая ты красачка, я ж цябе шукала!.. I — за аловак.

Вучыла: хочаце быць мастакамi — назiрайце за жыцьцём, лавiце мастац кую дэталь, нават няўлоўную, заўважайце iмгненны абрыс, жэст, рух, характар, вобраз — у адным штрыху, настройвайце сябе на кожнахвiлiнны пошук. Казала i паказвала, як гэта робiцца. Выкладала i малявала. Такая была методыка: у аснове — мастацкi вопыт, пошук, тэмперамент.

— Чаму пасьля “Хлебу”, якi вас так уславiў, вы раптам адышлi ад складаных тэм i кампазiцыяў у побыт асобнага чалавека, у сцэнкi, настроi? Вас “Хлеб” стамiў, расчараваў? Узялi адпачынак?..

Хвалi студэнтаў адна за адной пакiдалi вучэльню, сьпяшалiся да сваiх мальбертаў, з-пад апекi настаўнiкаў разьязджалiся па краiне. На месцы былых вучняў прыходзiлi новыя, але i ў новых было зьдзiўленьне:

— Вы пачалi пiсаць народным прымiтывам? “Лета” — вы цi ня вы пiсалi? А “Май”? А “Лебедзi”? А “Калыска”?..

Яна казала:

— Працуйце. Шукайце.

Ня ўсе ўсё разумелi:

— Але ж вы сябе знайшлi. Шукаеце, каб знойдзенае ды ўхваленае страцiць?

Яна цярплiва паўтарала:

— Заўсёды шукайце. Спынiцеся — згубiце тое, што знайшлi. Гэта ня форма, гэта — зьмест, лёс мастака. Прырода не дае паўтораў. Тут ёсьць усё, але ўсё абнаўляецца.

Ужо Гаўрыла быў у Львове i пазьнейшых спрэчак студэнтаў з Тацянай Нiлаўнай ня чуў. Але i там сачыў за яе творчасьцю. Там былi iншыя настаўнiкi, а пра яе думаў. Пытаўся невядома ў каго: цi разумна зрабiў, што зьмянiў Кiеў на Львоў? Закончыўшы вучэльню, хацеў вучыцца далей? Яблонская запрашала ў iнстытут, што ў Кiеве, дзе сама выкладала. Ён не пайшоў. Манументальны жывапiс, куды намецiў сабе шлях, там вывучалi, была кафедра, ды памёр яе стваральнiк i карыфей Крычэўскi, а без яго на кафедры ўсё мiзарнела. На раздарожжы, крыху разгублены, папрацаваў мастаком на кiнастудыi, але кiно па­трабавала iншага мастацтва — бутафорыя не захапiла. I тады падаўся ў Львоў.