Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 12
Віктар Карамазаў
Першая сустрэча з Кiевам запомнiлася Дняпром шырокiм, высокiм берагам. Як узышоў на тую вышыню, як глянуў за Дняпро, а там — лугi, старыя рэчышчы, гаёчкi. Падалося, што i не адплыў далёка ад вёскi, што тут — Палесьсе.
Адшукаў вучэльню прыкладнога i дэкаратыўнага мастацтва. Экзамены iшлi — спазьнiўся? Паперы паказаў. Дык вы, сказалi, усё здалi, што трэба, у Гомелi, яшчэ адзiн прадмет здаць — сьпецыяльнасьць. Што выбiраць? Керамiку альбо ляпнiну? Падацца ў разьбяры па дрэве? Цi ў жывапiсцы-альфрэйшчыкi? А што такое альфрэйны жывапiс? Спыталi: малюеш — пакажы работы? А дзе iх узяць? Дома на Брагiнцы маляваў вербы — суседзi хвалiлi: як жывыя. Аднак па iх не пабяжыш у Чыкалавiчы. Раскласьцi тузоў, дам, каралёў, вальтоў — малюнкi таксама ад душы. А раптам скажуць, што карцёжнiк-шулер? О не, тут у дурня не згуляеш — ня вёска. Паставiлi нацюрморт: збан, каласкi ў збане, яблыкi. Дыхнула родным садам, полем за вёскай. Збан з малаком у руках у мамы ўбачыў — супакоiўся. I маляваў, як сваё, роднае. Настаўнiк падышоў, узяў з-пад рук малюнак: вы — наш студэнт.
Палала жаўцiзною восень. Па рацэ плылi белыя параходы i вохрыста-чырвонае лiсьце каштанаў. Цяпер iх зноў убачыў, нiбы ў сьне, i запялёхала вада, пасыпалiся ў яе сьпелыя плады цi жвiр, а там — вiр-яма i ён наўколенцах, студэнт, усё роўна як гогалеўскi бурсак, над ямаю чуб зьвесiў, утаропiў вочы, поўныя ня то сьлёз радасьцi, ня то жарствы. А зьверху — лагодны голас:
— Там першая падлога хрысьцiянства. Ёй тысяча гадоў.
Сафiя?.. Божухна!..
Рука цягнулася на дно той ямы, куды iмкнулi вочы, але ж было там цёмна, зямлёю жахлiвых скiфаў тхнула.
З-за сьпiны стрэльнуў прамень сьвятла, зьверху, адкуль быў голас, на камень звалiлася малая плямка, руку лiзнула i паплыла нiжэй, яшчэ нiжэй, на брыжыку плiты павiсла, затрымцела. Рука схапiла плямку, а ў ёй жменя каменьчыкаў i кожны з жывым бляскам, кожны не адшчыкнеш — сплаў на вякi.
— Вы будзьце асьцярожныя. Там, памiж першай i апошняй падлогай, на якой стаiм, два метры глыбiнi...
Плямка сьвятла паўзла ўгару з плазу на плаз, з падлогi на падлогу, па разломе агромнiстага пiрагу, i ты, твая рука, таксама, не адстаючы, з плазу на плаз, з падлогi на падлогу — па ўсiх стагоддзях Кiеўскай Русi.
— Ну?.. Вы бачылi там першую падлогу?..
Гаўрыла з захапленьнем глядзеў на Мiкалая Адрыянавiча Прахава, свайго загадкавага настаўнiка, гiсторыка тысячагоддзяў, прафесара, бачыў яго iнтэлiгентную бародку i думаў: якое блiзкае далёкае, якое простае сьвятое, як моцна, у маналiт, яднаецца такое рознае, як дзiўна з усiмi ды ўсiм паяднаны ты сам, гомо, з усёй цывiлiзацыяй, трымаеш у руках аж цэлае тысячагоддзе, калi з табою побач мудрэц, калi сьвятло яго лiхтарыка — табе ў рукi.