Читать «Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі» онлайн - страница 4

Змитрок Бядуля

На першы погляд магло б здавацца, што ў пераняцьці культуры адной нацыяй у другой, жыды, як нацыя болей культурная, павінны былі мець перавагу над беларусамі і мець свой большы ўплыў над імі, але ў самай рэчы ёсьць іначай. Першая прычына гэтага тая, што ў гэтых дзьвюх нацыяў няма роднасьці мовы і плямёнаў і тут якраз палякі і расейцы занялі першае мейсца, асымілюючы беларусаў. Другая прычына — гэта беларуская зямля. Дэкарацыя мясцовай самабытнай прыроды мае ў сябе такую вялікую сілу, што на ўплывы ўсялякіх іншых культураў дзеіць адпорна ў адваротны бок. І тыя людзі з нашага краю, якія пісалі па-расейску або па-польску і нажылі сабе славу ў памянёных літаратурах, не маглі выкараніць у сабе духу беларускай зямлі, каторы жыў у іх сэрцах. На кожным кроку чуецца, што гэтыя пісьменьнікі — беларусы. Моц беларускай зямлі зрабіла тое, што ў Беларуска-Літоўскім княстве законы пісаліся па-беларуску, прыдворная мова літоўскіх князёў была беларуская. А літвіны яшчэ цяпер наракаюць, што шмат літоўскіх сялян абеларусела. У цяперашняй выстаўцы старасьвецкіх памяткаў у Вільні пад назваю: «Вільня-Менск» ёсьць каран беларускі, пісаны татарскімі літарамі. Гэта паказуе, да чаго можа даходзіць уплыў беларускай культуры!

Дзеля ўсяго гэтага, і ня дзіва, што жыды, жыўшы тут, на сваёй новай бацькаўшчыне, болей перанялі ад беларусаў, чымся беларусы ад іх. Магутная сіла беларускай зямлі дала асобны духоўны і вонкавы воблік беларускім жыдам. Цяпер яны адрозьніваюцца ад усіх другіх жыдоў, і іх па ўсім сьвеце называюць «літвакамі».

З асобай сымпатыяй беларуская газэта ў Вільні «Наша Ніва» друкавала тыпы беларускіх жыдоў і жыдоўскіх сынагог у беларускім стылю. Калі мы глянем на жыдоўскае мястэчка на Беларусі, то пабачым на кожным кроку нешта роднае, сваё, у будоўлях і ўва ўсёй абставе. Узяць жыдоўскіх пісьменьнікаў зь Беларусі, — то ў іх творах чуецца заўсёды беларуская прырода — «родныя зьявы». Болей усіх гэта адбіваецца ў творах жыдоўскага клясыка Абрамовіча (Мэндэле Мойхэр Сфорым) з Капыля.

Жыдоўскі пісьменьнік Абраам Мапу, пісаўшы свой біблійны раман зь ідылічных часоў цара Хізкія і прарока Ісаі, маляваў ціхі Бэтляхам, быўшы натхнёным пекнымі ўзьбярэжжамі беларускага Нёмна. Знакаміты жыдоўскі пісьменьнік з часоў «haskola» (адраджэньня) Перэц Смаленскін лічыцца таксама выхаванцам Беларусі.

І ў другіх галінах штукарства ў тутэйшых жыдоў чуецца беларускі дух.

Жыды, тры разы на дзень у малітвах сваіх успамінаючы Сыён, малявалі сабе ў думках гэты Сыён як нейкі ўзгорак-узвышку, якія акружаюць іх тут, на Беларусі. Жыдоўскае дзіця, аддаючы ўсе свае маладыя гады бібліі ў хедэрах, мела перад сабой жывую біблію беларускіх ратаяў, беларускай спакойнай, ціхай зямелькі зь лясамі, пушчамі, рэчкамі, лугамі. Бяз гэтай беларускай прыроды, што завалодала іхнай душой ад нараджэньня, яны б не маглі ў фантазіі сваёй маляваць Палестыну, каторую яны малююць, маючы ўзорам беларускую зямлю.

Праўдзівымі і зразумелымі ёсьць апавяданьні жыдоўскіх эмігрантаў, выкінутых адгэтуль лёсам у Амэрыку і інш., аб іх суму па бацькаўшчыне. І не адпавядаюць праўдзе паказаньні большасьці антысэмітаў, што жыды ня маюць пачуцьця каханьня да тае зямлі, дзе яны жывуць… Гэта было б супраць законаў прыроды. Адно толькі — гэта цяга да бацькаўшчыны ў іх абвеяна асобым трагізмам. З аднэй стараны боку — жыцьцё на чужыне сотні гадоў, дзе даконвалі іх розныя антысэміты і жыдаеды, хочучы ня толькі зьнішчыць іх фізычна, як пагромамі і крадзяжамі, але таксама і апаганіць іх душу — рэлігію — пад відам розных крывавых нагавораў і крытыкі Тальмуду. З другой стараны — далёкая Палестына, зь якой яны выгнаны ўжо 2000 гадоў, — акрапляла самабытнай расою ў душы кожнага жыда тыя карэньні, якія зьвязваюць яго зь зямлёю, дзе ён жывець. Яго каханьне да новай бацькаўшчыны — нэрвовае, балючае і незразумелае прадстаўнікам іншых нацыяў.