Читать «Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі» онлайн

Змитрок Бядуля

Зьмітрок Бядуля

ЖЫДЫ НА БЕЛАРУСІ

Бытавыя штрыхі

Ад аўтара

Ня маючы пад рукамі ніякага належачага да гэтага тэмату матэрыялу, я ні ўдаваўся ў грунтоўную і дэтальную апрацоўку свайго артыкулу, каторы быў напісаны для штодзённай газэты «Беларускі Шлях» па просьбе рэдакцыі.

І вось, дзеля таго што да гэтага часу яшчэ аб жыдох на Беларусі не было напісана ніводнага радку ў беларускім друку, я чую патрэбным даць вышэйпамянёны газэтны артыкул асобнай брашуркай. А калі гэтая брашурка пакіруе на думку каго-кольвечы напісаць аб гэтым сталую працу з дэтальнымі гістарычнымі, эканамічнымі, этнаграфічнымі і статыстычнымі дадзенымі, то мэта мая будзе дасягнута.

І

Некалькі сталецьцяў таму назад жыды перабраліся ў наш край праз Заходнюю Эўропу і Польшчу. Да заняцьця нашага краю Расеяй, яны, апрача волі гандлю, рамесла і жыхарства ўсюды — і па вёсках — мелі яшчэ і сваё самаўпраўленьне — «кагал».

Значнейшыя рэпрэсіі над імі ў нашым краі расейскім урадам былі паўзяты каля 1820 г., хаця ўжо зараз жа пасьля «брацкага» прылучэньня Беларусі да Масквы, што сталася пры апошнім разьдзеле Польшчы ў 1795 годзе, Беларусі надавалася роля жыдоўскага «гета». Кацярына Вялікая ўвяла «еврейский вопрос» у ўнутраную палітыку Расеі, а ў 1800 року паэт Дзяржавін быў камандзіраваны імпэратарам Паўлам I на Беларусь, каб дэтальна пазнаёміцца са становішчам жыдоў і, паводле фактычных дадзеных, апрацоўваць праект рэформы для жыдоў. Дзяржавін пісаў свой праект у Віцебску.

Менскі «кагал» уладжваў з гэтай прычыны сход у 1802 годзе і хлапатаў перад Аляксандрам I аб памякчэньні рэформаў. Перашкаджаючы ўсякімі спосабамі расьсяленьню жыдоўскага элемэнту ў карэнных расейскіх губ.[эрнях] за «шкадлівасьць», расейскі ўрад, лічыўшы Беларускі край чужым, забраным, паволі стварыў тут астрог для жыдоўскай люднасьці, уключыўшы Беларусь у ганебнейшую ў гісторыі царскай Расеі, прагрымеўшую на ўвесь сьвет, так званую «черту еврейской оседлости».

Тут, на Беларусі, болей чым у сумежных краёх жыдоўскага гета, тварыўся іх эканамічны і культурна-нацыянальны быт доўгімі гадамі.

Зразумела, што гэтая творчасьць не магла ні рабіць уплыву на характар краю, як і сама яна павінна была пераняць некаторыя яго асобнасьці, праз што тварыўся натуральны абмен культурнымі вартасьцямі паміж жыдамі і беларусамі.

Суседзтва гэтых дзьвюх нацыяў тварыла такія жыцьцёвыя ўмовы і эканамічныя стасункі, у якіх адна нацыя без другой не магла абысьціся.

Гандаль і рамёствы ў нашым краі разьвівалі жыды. І трэба сказаць, што ў гэтым кірунку яны досыць ажывілі наш край і праз увесь час прыносілі яму шмат карысьці. Паміж іншым, яны тут часткова займаліся і хлебаробствам. З усіх губэрняў эўрапейскай Расеі толькі ў нашых беларускіх губэрнях былі жыды-сяляне, і да гэтага часу яшчэ захаваліся вёскі з адным жыдоўскім насяленьнем.

Месты і мястэчкі, у якіх салідную перавагу мела жыдоўскае насяленьне, давалі беларускім сялянам мажлівасьць нармальнага тавараабмену. Гандляры і рамесьнікі таксама былі неабходныя ў гэтым глухім (у бытнасьці пад Расеяй) краю, дзе не было ніякай эканамічнай культуры.