Читать «Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі» онлайн - страница 2

Змитрок Бядуля

Кавалі, шаўцы, краўцы былі людзі першай важнасьці і пашаны ў вёсках. Да іх прыходзілі ў свой час, ня толькі па справах іх спэцыяльнасьці, але так сабе: «пагутарыць з разумнымі людзьмі», параіцца аб розных справах і г. д.

Жыды стараліся зьменшыць цэны на прадукты, як у рамёствах, таксама і ў гандлю; яны здавальняліся драбніцамі, бо фізычныя патрэбнасьці былі ў іх вельмі малыя. Дзякуючы пасярэдніцтву ўсюды бываючага жыда-скупшчыка, селянін збываў на мейсцы ўсе свае прадукты. А скупшчык-жыд пры ўсёй сваёй вялікай працы быў такі самы бедны, як яго сусед-селянін, хаця жыд і гарэлкі ня піў.

Прыпісваць толькі адным жыдом спэцыяльнасьць гандлёвага шахермахарства і ўпаіваньня народу гарэлкай нельга: мы добра ведаем, як у вялікарасейскіх губэрнях славянскія «купцы-кулаки» і «целовальники» эксплюатавалі тамтэйшых сялянаў у некалькі стопняў болей, чым тут жыдоўская гандлёвая кляса нашых сялянаў.

Ды наагул бравары ў Беларусі былі панскія, корчмы па трактах жыды арандавалі ад паноў, так што яны былі толькі той сьляпой прыладай у руках паноў, якія праз жыдоў сабе выпампоўвалі апошнія сялянскія грашы.

Нягледзячы на цкаваньне рознымі чарнасоценцамі з Масковіі нашых сялян на жыдоў, наш народ нічога кепскага не рабіў жыдом. У той час, калі ў Расеі чыніліся над жыдамі пагромы і страшэнныя зьдзекі, беларускія сяляне не паддаваліся цёмнай агітацыі. Хлебаробы нашыя не маглі рабіць кепскіх учынкаў над жыдамі, чуючы інстынктыўна ў душы штучнасьць і непраўдзівасьць чарнасоценных ідэяў. Так выходзіла, што вялікія грошы, высыпаныя дзеля пагромнай агітацыі расейскімі ісьцінна-рускімі ўрадамі, падобна сталыпінскаму, у нашым краю, — пайшлі на нішто.

Нідарма ўвосень 1917 г. на Ўсебеларускім зьезьдзе ў Менску прадстаўнікі розных жыдоўскіх партыяў, вітаючы беларусаў, са шчырай удзячнасьцю ўспаміналі аб тым, што на Беларусі ніколі жыдоўскіх пагромаў не было.

ІІ

За ўвесь час сумеснага жыцьця беларусаў і жыдоў на Беларускай зямлі гэтыя дзьве нацыі псыхічна шмат перанялі адна ад аднэй. У мовах, у звычаях, у легендах, у будаўніцтве, у будзённым жыцьці — у іх формы так перамяшаліся, што (болей усяго ў жыдоў) прынялі новую самабытную акрасу.

Ёсьць агульныя жыдоўска-беларускія народныя мэлёдыі, прыказкі, дзе жыдоўская і беларуская мовы перамяшаныя паміж сабою. У беларускай мове ёсьць словы: «хаўрус», «хеўра», «бахур», «адхаіць» і шмат іншых — чыста гэбрайскіх словаў. У жыдоўскай мове беларускіх словаў ёсьць тым болей.

У свой час, у 1911—12 гг., жыдоўскі журналіст і рэдактар розных жыдоўскіх часопісаў, п. Гурвіч, у Вільні зьвярнуў на гэтую справу ўвагу. Сабраўшы цэлы зборнік прыказак і дадаўшы да іх свае тлумачэньні, ён паслаў гэта да друку ў загранічны журнал.

Але гэтага мала. Ёсьць цэлая жыдоўска-беларуская этнаграфія, якая чакае свайго зьбіральніка. Такія прыказкі, як: «Ня добра рэйдэлэ (гаворыць), а добра мэйнэлэ (думае)», — ёсьць соткі.

Вось па жыдоўскім альфабэце жабрацкае клянчаньне, якое жыды сьпяваюць на дзяды:

«Ах, брацьця, галубцы, давайце галоднаму вашаму жабраку хлеба троху.

Алеф, бойс, гімэль, далес, гой, вов, заін, хэс, тэс,

Я — калека, ламака, мучальнік. Не магу служыць у пана. Чым-кольвек

юд, коф, ламэд, мэм, нун самэх, айэн, цэй, цадык, куф,

ратуйце сьляпога татуню.

рэйш, шын, тоф».