Читать «Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі» онлайн - страница 5

Змитрок Бядуля

ІІІ

У беларускіх вялікіх местах, як Вільня, Менск і інш., жыды мелі свае вялікшыя культурныя цэнтры: школы, абшчыны, прафэсіянальныя цэхі і інш.

У той час, калі другія нацыі на Беларусі былі страшэнна сьціснутыя расейскім урадам, калі беларусам зусім было забаронена друкаванае слова, жыды мелі ў гэтым нейкую свабоду — нацыянальная жыдоўская культура магла разьвівацца без усялякага, праве, тармозу. Тутэйшы «кагал» быў свайго роду самаўпраўленьнем. З прычыны ўсіх гэтых абставінаў жыды зь Беларусі давалі жыдом усяго сьвету найвялікшых вучоных у рэлігійным і нацыянальным жыцьці.

Крыніцай гэтаму было места Вільня, бацькаўшчына віленскага «гоэна» — Равві Ільлі (памёр у 1797 р.) і другіх вялікіх тальмудыстаў. Там друкаваліся найлепшыя кнігі і быў да апошняга дня жыдоўскі вучыцельскі інстытут. Недарма Вільня называецца жыдамі «Літоўскім Ерузалімам» («Іeruschalim dylito»). У той самы час славіўся кіраўнік хасыдызму на Беларусі, — Шнеер Зальман. Тут жа, на Беларусі, разыгралася тады вялікая барацьба паміж дзьвюма жыдоўскімі рэлігійнымі партыямі: Хасыдым і Міснагдым. Гэта барацьба нарабіла вялікага неспакою ў віленскім «Кагале».

У мястэчку Валожыне Віленскай губ. у 1803 року залажылася вучнем Гоэна, Хаімам Валожынэрам, жыдоўская духоўная акадэмія, скуль выходзілі вялікія жыдоўскія пісьменьнікі і рабіны для ўсяго сьвету жыдоў. (З валожынскага «Ешыботу» выйшаў і знакаміты жыдоўскі паэт Х. Н. Бялік.) У Валожынскі «Ешыбот» прыяжджалі вучыцца жыды з Каўказу, зь Нямеччыны, з Амэрыкі і г. д.

Тут, на Беларусі, меў сваё разьвіцьцё і жыдоўскі містыцызм (Кабала). Вядомы цадыкі ў Лібавічах, у Койданові, Пінску, да каторых прыяжджаюць веруючыя з усёй Расеі. І ня дзіва, што галоўнае разьвіцьцё жыдоўскай нацыянальнай рэлігійнай культуры мела мейсца тут, на Беларусі, дзе ім былі дадзены прывілеі яшчэ пры кн. Вітаўту. Яны жылі тут, як дзяржава ў дзяржаве, і іх «Кагал» меў нават права судзіць сваіх пабрацімаў.

У пэрыядзе амярцьвеньня беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня, жыды, як і самі беларусы, хоць добра ведалі беларускую мову, але глядзелі на яе як на «мужыцкую» і, русіфікуючыся самі, несьвядома служылі русіфікатарскай ідэі Вялікарасеі. Але гэта была тая багатая кляса, якая атрымала сваю навуку ў расейскіх школах, а што тычыцца простых местачковых жыхароў, то, апрача роднай мовы, яны ведаюць толькі беларускую.