Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 9

Юры Станкевіч

* * *

Мінула некалькі дзён.

Пасля чарговых лекцый студэнт Ігнат Мазур вырашыў паехаць у інтэрнат да Ані Балтас. З сабой захапіў падручнік па палітэканоміі. У яго з’явілася прывідная надзея паўтарыць «гістматаўскі» метад: Аня будзе яму чытаць услых адказы на білеты, а ён запамінаць.

Але ўсё нечакана памянялася. У Аляксандраўскім скверы, праз які праходзіў, ён убачыў аднакурснікаў Іосіфа Зялёнку і Ваню Гужына. Яны сядзелі на лаўцы і толькі якраз адкаркавалі па бутэльцы чырвонага сухога віна.

— О, Ігнат, — сказаў Іосіф Зялёнка, — давай далучайся. — У сумцы што ў цябе? А мы тут, на лаўцы, «косці кінулі». Дык што — Ігнат? — складзем кампанію? А то з ім сумна. А ты пацан дасціпны, разумны. Што ў цябе ў сумцы?

— Ёсць пляшка сухога. Але я іду ў госці, — сказаў праўду Ігнат Мазур.

Жвавы і рухавы як ртуць Іосіф Зялёнка прапанаваў.

— Сядай з намі. У госці па вечарах ходзяць, ты, што — Віні Пух? У нас віна багата. Учора на радыё ганарар атрымалі. Мне за дзве інфармашкі, а яму, — кіўнуў на Гужына, — за інтэрв’ю. Пяць пухіроў віна і на закусь хапіла.

— Умееце жыць. А мне вось пісаць часу з-за іспытаў не хапае. Што на практыцы зарабіў, дык даўно сплыло. Урэшце, згода, перакулю шклянку.

— Прыкрыемся газетай! — загадаў Зялёнку абачлівы Ваня Гужын, — а то менты тут часам ганяюць.

Студэнт Ігнат Мазур сеў на лаўку, выпіў шклянку віна з разавага папяровага пакета, дастаў з кішэні пачак цыгарэт. Апошнім часам ён шмат паліў.

Выпілі па чарзе і яны. Гаварылі пра сесію, залікі, пра апошнія падзеі ў далёкай Празе. Ваня Гужын больш маўчаў, але пытанні задаваў даволі часта. Гэта быў сярэдняга росту, чарнявы, з гожым, хоць даволі звычайным тварам юнак. Студэнт Ігнат Мазур ведаў, што ён сын старшыні райвыканкама з правінцыі, сябра камсамольскага бюро факультэта, хоча застацца па размеркаванні ў Мінску, не хавае гэтага і ўжо шукае сабе месца.