Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 10

Юры Станкевіч

Вядома, размова не мінула і таго, што ў Чэхаславакію нашы ўвялі войска, там неспакойна. Але чаму, дакладна не ведалі. Хаця здагадваліся…

Налілі яшчэ па шклянцы. Студэнт Ігнат Мазур раптам пашкадаваў, што дарэмна губляе тут час, падумаў, што пара ісці да Ані Балтас. Але нечакана Іосіф Зялёнка перасцерагальна зашыпеў і схаваў за спіну бутэльку. Па дарожцы, пэўна, таксама з вучэбнага корпуса, рушыў у іх напрамку выкладчык палітэканоміі Пятро Мацкевіч.

Магчыма, ён так бы і прайшоў побач, не звярнуўшы на іх увагі, калі б напалавіну недапітая бутэлька не выслізнула з рукі Іосіфа Зялёнкі і выкацілася на асфальтаваную сцежку. Студэнт Зялёнка спрытна нахіліўся і падхапіў яе.

Выкладчык Пятро Мацкевіч спыніўся.

— Добры дзень, Пётр Антонавіч, — з робленай ветлівасцю павітаўся з ім Ваня Гужын.

Запанавала непрацяглая паўза. Выкладчык Мацкевіч абудзіўся ад нейкіх сваіх думак і паглядзеў на хлопцаў.

— А-а, — сказаў ён, — дык вы мае студэнты? Успамінаю. Бачыліся. Адпачываеце? З віном? І што п’яце, цікава, у такім людным месцы?

— Сухое віно, — не стаў маніць Іосіф Зялёнка. — «Гамза» — не з лепшых гатункаў, але піць можна.

— А вы прысядзьце з намі, Пётр Антонавіч, — раптам набраўся нахабства студэнт Ваня Гужын. — Мы тут крыху ганарару атрымалі, дык вось адзначаем. Мы вас шчыра запрашаем і палічым за гонар, калі вы не адмовіцеся. Мы вас паважаем. Ды вось і сябры пацвердзяць.

— Так, так, — заківалі галовамі хлопцы.

Выкладчык Пятро Мацкевіч падумаў і прысеў на лаўку побач.

Студэнт Ваня Гужын наліў таму ў разавую шклянку віна.

— Зваць вас як? — пацікавіўся выкладчык Мацкевіч, пажадаў хлопцам здароўя і выпіў.

Хлопцы назваліся. Пачалі размову. Ні аб чым. Спачатку даволі напружана і абачліва — прыглядаліся да нечаканага суразмоўцы. Але выкладчык Пятро Мацкевіч размову іх раз-пораз падтрымліваў, гаварыў далікатна, хоць часам змаўкаў і думаў пра нешта сваё. Ніхто не звяртаў на іх увагі. Урэшце, у скверы часта выпівалі, і не толькі студэнты.

Неўзабаве выкладчык Мацкевіч падняўся з лаўкі, падзякаваў і сказаў, што яму трэба дадому.

— А вам у які бок? — спытаў няўрымслівы і ўсюдыісны студэнт Іосіф Зялёнка.

— Уніз па Паркавай.

— Дык і нам туды ж.

— У інтэрнат? Я вас правільна зразумеў?

— Так.

— Хадземце. Разам і мне будзе весялей, — сказаў выкладчык Мацкевіч.

Каля ГУМа завярнулі налева і пайшлі ўніз. Студэнт Ігнат Мазур хацеў было развітацца і пакінуць кампанію, але Іосіф Зялёнка быццам здагадаўся і прашаптаў яму на вуха:

— Плюнь на «госці». У цябе яшчэ віно ў сумцы і ў нас дзве пляшкі засталіся — дык, можа, працягнем. Бачыш, Антоныч — свой чалавек. А мы яшчэ і ў гастраном забяжым па дарозе.

Дарогай размаўлялі толькі хлопцы. Выкладчык Пятро Мацкевіч зноў стаў задуменны і больш маўчаў.

Калі падышлі да інтэрната, студэнт Ваня Гужын нечакана звярнуўся да таго з прапановай:

— Можа, завітаеце да нас, Пётр Антонавіч? У нас на паверсе зараз спакойна, большасць на занятках.