Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 7
Юры Станкевіч
Урэшце Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы і пасунула ў яго бок: «Вечарам. Заўтра. Заходзь».
І прашаптала ў вуха:
— Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага крымскага.
Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў зайсці. Нейкі час думаў, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.
Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:
— На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю «капітал», як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.
У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:
w = c + v + m,
дзе c — пастаянны капітал,
v — пераменны капітал,
m — дадатковая вартасць.
Пасля гэта агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.
«Не, — думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. — Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. І ніхто не дапаможа. Цьфу ты! Ненавіджу. Мудрэй за гістмат».
У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, будзе прымаць не адзін, а разам з выкладчыкам Гавіным з інстытута народнай гаспадаркі.
— Ну, трапілі, — прашаптала Юля Маракова. — Той зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх раней ён прачытаў на іх курсе; жорстка патрабаваў, каб вялі канспекты і не прапускалі яго заняткі.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме: як ён тады знерваваўся… Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
* * *
Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
— Што ж, — сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, — калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
— Якраз апошняя лекцыя скончылася, — паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
Яны селі, і выкладчыца сказала:
— Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
Паўза.
Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з англійскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў тое, што даўно чытаў, адказваў коратка, часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, якія яму асабліва падабаліся: Альбера Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.