Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 11

Юры Станкевіч

Выкладчык Пётр Мацкевіч выслухаў таго, падумаў і згодна кіўнуў галавой і папрасіў.

— Толькі вы, хлопцы, асабліва наш пікнік не афішуйце.

* * *

Размясціліся ў пакойчыку, дзе жылі студэнты Гужын і Зялёнка.

Паставілі на столік віно, тое-сёе са сціплай закускі. Прачынілі акно, а дзверы, наадварот, зачынілі, каб ніхто не зайшоў.

Выпівалі і гаманілі да цемнаты. Выкладчык Пятро Мацкевіч слухаў, зрэдку сам задаваў хлопцам пытанні.

Пра сябе скупа расказаў, што калісьці вучыўся ў інстытуце, абараніў кандыдацкую, але пачаў пісаць п’есы, працаваў загадчыкам літаратурнай часткі ў тэатры, а таксама выступаў на сцэне як акцёр.

— А вашы п’есы — ідуць? — зацікавіўся студэнт Ігнат Мазур.

— Адну прынялі, далі тры спектаклі, а потым знялі, — шчыра адказаў выкладчык Пятро Мацкевіч.

— Чаму? — спытаў студэнт Іосіф Зялёнка.

— Значыць, не зусім у масць трапіла, — не стаў паглыбляцца выкладчык Пятро Мацкевіч.

Ён падняўся і пачаў развітвацца, але студэнт Ваня Гужын выцягнуў з кішэні ключ, сказаў, што гэта ключ ад пустога інтэрнацкага пакоя, і што лепш будзе, калі паважаны Пётр Антонавіч пераначуе ў тым пакойчыку, дзе яго ніхто не патурбуе да раніцы, бо хадзіць у цемры небяспечна.

— Ну што ж, ёсць рацыя.

Выкладчык Мацкевіч спусціўся на першы паверх да вахты, дзе вісеў тэлефон-аўтамат і пазваніў, а потым вярнуўся.

— Папярэдзіў жонку, каб не хвалявалася, — сказаў ён.

Гаварылі яшчэ доўга. Пра Чэхаславакію, тэатр, акцёрскае майстэрства, дайшло і да палітэканоміі. Высвятлялі, хто больш дасведчаны: Маркс, Прудон, Сміт ці Рыкарда.

Выкладчык Пятро Мацкевіч у размову амаль не ўступаў, запаліў цыгарэту, зноў задумаўся. Але раптам спытаў у Ігната Мазура:

— Ну, а вы, Ігнат, чаму маўчыце?

Студэнт Ігнат Мазур зморшчыўся, нібы ад зубнога болю.

— Калі шчыра, то я амаль не ўспрымаю гэты навуковы спектр, — неяк з выклікам і каструбавата адказаў ён пасля кароткай паўзы. — Ну, вось што гэта за дадатковая вартасць, чаму яна тычыцца вартасці створанага тавару і ўсялякага там «капіталу» я не магу ўцяміць. Пэўна, недахоп мыслення. Абстрагавання, аналітычнасці, аналізу мне бракуе. Дый нецікава мне гэта. Мутняк.

Паўза.

Выкладчык Пятро Мацкевіч усміхнуўся.

— Ды няма ніякай дадатковай вартасці, — раптам абвясціў ён. — Гэта ўсё — лухта. Ёсць энергія зоркі — нашага Сонца, вось і ўся першапрычына.

Выкладчыка Пятра Мацкевіча адвялі ў пусты пакойчык і паклалі спаць. Прадбачлівы Іосіф Зялёнка выявіў апошнюю бутэльку віна, якую забараніў цяпер дапіваць, патлумачыўшы, што вып’юць яе раніцай, тым больш, што ў іх госць, якому трэба будзе пахмяліцца.

* * *

Спаць яшчэ не выпадала і студэнт Ігнат Мазур вырашыў пайсці да Юлі Мараковай. Але пакой паверхам вышэй, дзе жыла сяброўка, быў замкнёны, і ён, крыху падумаўшы, пагрукаў у суседнія дзверы, каб спытаць, дзе ўсе падзяваліся.

— Адчынена! — пачулася адтуль.

Студэнт Ігнат Мазур зайшоў у пакой. На ложку, падкурчыўшы смуглявыя ногі, сядзела Святлана Конкіна і паліла. Дзяўчына была ў паркалёвым нясвежым халаціку, яе цёмныя кароткія валасы неахайна тапырыліся, прыпудраны круглы твар з ледзь прыкметнымі прышчыкамі, нагадваў маску. Дзяўчына была адна ў пакоі, два суседнія, акуратна запраўленыя ложкі, пуставалі.