Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 5

Юры Станкевіч

— Адаб’емся, — хіхікнула тады Юля Маракова.

Цяпер выкладчык Дземеш незадаволена ўтаропіўся ў яго.

Студэнт Ігнат Мазур папрасіў прабачэння.

— Дазвольце сесці? — спытаў ён.

Выкладчык Дземеш пакрывіўся нібы ад зубнога болю і мусіў сказаць нешта не вельмі прыемнае, але яго перапыніў гучны голас Язэпа Гарая, студэнта, які займаў месца проста перад сталом выкладчыка Дземеша і сядзеў адзін.

— А-а, Ігнат, — гучна сказаў ён. — Чаго спазніўся — мабыць, ад сценкі спаў? Можа, ты галодны? Паснедаць не паспеў? Дык сядай побач, зараз з’ядзімо што Бог паслаў. У мяне з сабой звараная курыца. Хочаш? — ён палез у сакваяж.

У аўдыторыі стала ціха. Ігнат Мазур з нямым здзіўленнем заўважыў, што на стале перад Язэпам Гараем сапраўды з’явілася звараная курыца, агурок і некалькі лустак хлеба.

Паўза.

Выкладчык Дземеш каўтнуў ротам паветра.

— Гарай, — пачаў ён пагрозліва. — вы што сабе дазваляеце? Я выдалю вас з заняткаў.

— Ды кінь ты, Толік, — адмахнуўся ад яго Язэп Гарай. — Я і табе ножку пакіну. Ці, можа, грудку. Хочаш?

I ён смачна захрустаў косткай.

Студэнт Ігнат Мазур падзякаваў Язэпу Гараю за прапанову, але абачліва мінуў таго і пайшоў у далёкі канец аўдыторыі. Ён ужо ведаў, што ў Язэпа Гарая быў вельмі ўплывовы сваяк, які займаў пасаду прарэктара, і менавіта таму Язэп Гарай быў цяпер такі разняволены ў паводзінах. Да таго ж, Юля Маракова давяла яму, што ў іх аднакурсніка ёсць праблемы з псіхікай, якія той старанна ад усіх хавае.

Урэшце выкладчык Дземеш, хоць і пакрыўся чырвонымі плямамі, працягнуў лекцыю. Студэнт Язэп Гарай ужо моўчкі даеў курыцу, а на перапынку ўвогуле знік.

На кароткім адрэзку часу паміж лекцыямі з аўдыторый выходзілі ў калідор амаль усе. Па кутках палілі, дзяліліся навінамі. Некаторыя студэнты, як адзначыў Ігнат Мазур, — дзеці прывілеяваных бацькоў — трымаліся больш ўпэўнена і незалежна. Рослая, хамаватая генеральская дачка Паліна Басаргіна з іх курса расказвала дзяўчатам чарговы анекдот. Тыя роблена хіхікалі. Але ні Мараковай, ні Конкінай сярод іх не было. Паважна хадзіў па калідоры яшчэ адзін генеральскі нашчадак — пачынаючы паэт, камсамольскі актывіст Дзяніс Някрасаў. Студэнт Ігнат Мазур ужо ведаў, што бацька таго ў вайну быў закінуты ў Беларусь з Расіі і камандаваў спачатку батальёнам так званых «ястрабкоў», а потым працягваў працаваць у «органах», дзе і дайшоў да генеральскага звання. Цяпер ён кіраваў саўгасам. Камсамольскі актывіст і паэт Дзяніс Някрасаў днямі надрукаваўся нават у маскоўскім маладзёжным часопісе «Юность», пра што ўжо ўсе ведалі. Расейцаў на іх курсе ўвогуле было шмат. Некаторыя зусім здалёк. Як яны праскоквалі праз іспыты па беларускай мове і літаратуры — здавалася на першы погляд загадкай, але нічога дзіўнага тут не было: нават размовы паміж сабой на роднай мове ўжо выклікалі навокал падазрэнне ў нацыяналізме.

Асабісты залік па беларускай мове студэнт Ігнат Мазур здаў, як кажуць, «на падваконні». Выкладчык Аркадзь Шаркевіч шчыры і спагадлівы — толькі спытаў у яго, ці вучыў ён у школе мову. Так, вучыў, адказаў на тое Ігнат Мазур і дадаў, што ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў на вёсцы, так што матрыца мовы, цалкам магчыма, была закладзена ў ім менавіта ў той час. Выкладчыка Шаркевіча такі адказ вельмі задаволіў. Яны размаўлялі ў фае ля акна. Выкладчык Шаркевіч палез у нейкі сшытак, у якім і праверыў, як аказалася, вынікі апошняй дыктоўкі: там у студэнта Ігната Мазура стаяла адзнака ў чатыры балы. I тут жа, сапраўды на падваконні, паставіў яму залік.