Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 6
Юры Станкевіч
Адзін са студэнтаў — Гурам Хуцышвілі быў нават з Грузіі, з Тбілісі. Ён вучыўся на першым курсе і, як пазней расказаў у інтэрнаце за бутэлькай віна Ігнату Мазуру, уладкаваў яго сюды бацька, начальнік аўтакалоны ў Тбілісі. «За інтарэс?» — вяла пацікавіўся тады студэнт Мазур, і Гурам Хуцышвілі красамоўна ўзняў бровы — ён не ўмеў хітраваць.
Увогуле студэнты, як ужо даўно ўпэўніўся Ігнат Мазур, былі пад пільным ідэалагічным, і не толькі, наглядам. Нечакана з’явіўся на даляглядзе, выскачыў, быццам чорцік з партабачкі, другі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Пушко — той прыслухоўваўся на перапынках, хто пра што гаворыць, прызначаў старастаў і таемна прымаў іх у сябе ў кабінеце, наведваў, калі раніцай, а калі і па вечарах, інтэрнат з нечаканымі адмысловымі праверкамі. Акрамя студэнтаў на кожным з курсаў, як ужо ведаў Ігнат Мазур, шыфравалася шмат ціхароў, вызначыць якіх было даволі няпроста. Курыраваў іх на факультэце ці то аспірант, ці то лабарант і адначасовы арганізатар кавээзаў Віктар Епіфанаў — тыповы самаўпэўнены русак, але з псеўдапрэтэнзіямі на інтэлектуальнасць і ледзь не дысідэнцтва. Урэшце, як інтуітыўна разумеў студэнт Ігнат Мазур, такіх асобаў лепш за ўсё пазбягаць і ні ў якім разе не ісці з імі на шчырую размову — тое заўсёды было небяспечна. Яшчэ паўсюдна ішлі адгалоскі справы нацыяналістаў — групы студэнтаў з філалагічнага факультэта, якія суполкай запатрабавалі выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Групу разагналі, многіх павыключалі з універсітэта, а стукачоў, наадварот, прыхільна размеркавалі ў Менску альбо нават пакінулі ў аспірантуры.
Роздум яго прадказальна перапыніла Юля Маракова, якая апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнага Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла стаілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.
— Дамоў, можа, разам пойдзем? — спытала яна. — З тэхнікай афармлення газет мы вырашым. Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
— Чорт з ім, — вырвалася ў Ігната Мазура, — усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
— Сядзем разам.
— Ага, — паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: — Як пракурор вырашыць.
— ?..
— Лепш казаць — прысядзем. Альбо — пабудзем разам. Юрфакаўцы могуць засмяяць.
* * *
«Палітэканомію» чытаў новы выкладчык. Студэнт Ігнат Мазур бачыў яго ўпершыню. Выкладчыка звалі Пётр Мацкевіч. Гэта быў даволі мажны, цёмнавалосы, з сівымі скронямі, чалавек гадоў сарка васьмі — пяцідзесяці, з нечакана разумна-саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.