Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 4
Юры Станкевіч
Выкладчыца ўжо зацікаўлена зірнула на яго. На твары жанчыны з’явіўся лёгкі румянец.
— Добра, — усміхнулася раптам яна. — Заўтра а другой гадзіне знойдзеце мяне тут, магчыма, я буду ў дэканаце. Я праверу, ці адпавядаюць вашыя веды вашаму… ха-ха, скажам так, нахабству. Згода?
— Так, так. Вядома. Я вельмі вам удзячны.
— Што ж, рыхтуйцеся. А пра ўдзячнасць — потым.
— Да пабачэння. Да іспыту.
Іх кароткая размова не засталася па-за ўвагай. Непадалёк стаяла з цыгарэтай у руцэ аднакурсніца Святлана Конкіна — невысокая, даволі нядбайна апранутая дзяўчына з караткаватымі, на яго погляд, нагамі, але зграбнай постаццю, — такімі ён бачыў маладых дзяўчат з японскіх кінастужак.
Заўважыўшы, што яна, пэўна, нешта пачула з яго размовы з выкладчыцай, студэнт Ігнат Мазур памкнуўся да яе, каб высветліць, у чым справа, але дзяўчына раптам кінула непрыпаленую цыгарэту ў сметніцу і пайшла да выхаду. У яе была дзіўнаватая манера хадзіць: крыху выкідваючы наперад ногі. Ён раптам падумаў, што за ўвесь час амаль ніколі не звяртаў на яе ўвагі. Так, нешта шэрае. І чаго «грэла вушы»? — падумаў Ігнат Мазур і выкінуў усё з галавы.
Размову чуў яшчэ адзін яго аднакурснік — былы завочнік Уладлен Анціпаў, які часта цёрся каля яго, падтакваў, ніколі не пярэчыў, па-змоўніцку падтрымліваў яго, калі Мазур кпіў з існуючых на факультэце парадкаў, і паводзіў сябе даволі прыхільна, за што атрымаў напаўжартоўную мянушку «Бой». Цяпер ён відавочна зацікавіўся і здзіўлена спытаў:
— Ты што — сапраўды заўтра пойдзеш да гэтай цёткі? Яна ж цябе разатрэ па стенцы. Ты вар’ят, Ігнаце?
— Ніколькі, Валодзя.
— Я — Уладзя, — незалюбіў Анціпаў.
— Ну, не садзіся на крыўду, — саступіў Ігнат Мазур і дадаў: — Не расцярушыць, бо я ў тэме, а па-другое, у нас з ёй атрымаўся спантанны біякантакт. Хоць ва ўзросце розніца. На ўзроўні падсвядомасці. Я гэта адчуў. Ды што табе тлумачыць.
— Стаўлю бутэльку «Гамзы» ў заклад: будзеш хадзіць на лекцыі.
— «Гамзу» я паважаю. Дадамо яшчэ батон і паўкіло доктарскай на закусь. Згода?
— Згода, — хіхікнуў Уладлен Анціпаў.
На тым аднакурснікі развіталіся.
* * *
Назаўтра студэнт Ігнат Мазур апрануўся ў свой адзіны святочны касцюм, павязаў нават гальштук, старанна пагаліўся. Можа, таму спазніўся на першую пару. Лекцыю па тэхніцы афармлення газеты чытаў выкладчык Анатоль Дземеш. Чамусьці выкладчык Дземеш, як адчуваў Ігнат Мазур, быў для яго небяспечны. Некалькі яго лекцый ён неабдумана прапусціў, а той гэтага не выносіў. Да таго ж, як пераведзены з іншага факультэта, Ігнат Мазур не праслухаў курс яго лекцый у поўным аб’ёме, а рыхтаваўся да заліку паводле падручніка.
Дземеш доўга не прымаў залік. Як толькі студэнт Мазур да яго падыходзіў, выгледзеўшы дзе-небудзь у вучэбным корпусе, той моўчкі сціскаў рот, зняважліва паварочваўся і ішоў прэч.
— Ты, пэўна, зусім «тормаз», — сказала тады Юля Маракова. — Ён жа можа не прыняць залік і на гэтай падставе не дапусціць да іспыту. Я сама пайду да яго. Ён ведае пра маю цётку і ўвогуле мае да мяне сантымент. Папрашу за цябе.
— А горш не будзе? — спытаў тады Ігнат Мазур. — А што калі ён накінецца на цябе і абслінявіць пацалункамі і ўсё такое…