Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 19

Юры Станкевіч

Студэнт Ігнат Мазур павітаўся і нерашуча спыніўся. Як паставіцца да яго выкладчык Мацкевіч? Што ён за чалавек увогуле? Ці не запамятаваў ён яго пасля іх сумеснага «пікніка» з Зялёнкам і Гужыным? Дык тады ў іх усё прайшло па-сяброўску.

— Гэта я, маё прозвішча Мазур, — урэшце мовіў ён.

— Заходзьце, — запрасіў Мацкевіч і паказаў Ігнату Мазуру на крэсла перад сабой. — Цягніце білет. Які там нумар?

Студэнт Ігнат Мазур назваў нумар білета і пытанні. Выкладчык Мацкевіч зірнуў у бок Гавіна, які ў супрацьлеглым куце аўдыторыі ляніва дапытваў Паўла Слімакова і сказаў напаўголаса:

— Ну, гаварыце што-небудзь. Пра дадатковую вартасць, прыкладам. Не маўчыце.

Студэнт Ігнат Мазур глытнуў перасохлым горлам і, цвёрда гледзячы ў вочы экзаменатара, адказаў:

— Так званая дадатковая вартасць і многае іншае, пра што пісаў Маркс, — гэта ахінея. Няма ніякай дадатковай вартасці, ёсць энергія зоркі — гэта значыць, нашага Сонца.

Паўза.

— Так, так. Што яшчэ скажаце?

— Больш няма чаго, — панізіў голас студэнт Ігнат Мазур.

— Давайце пра футбол, — з ледзь прыкметнай усмешкай сатыра ў кутках вуснаў сказаў выкладчык Пятро Мацкевіч. — Любіце футбол? Я, прыкладам, і стадыён часам наведваю. Калі мінскае «Дынама» гуляе. А чэмпіянаты свету абажаю. Якая зборная каманда асабіста вам падабаецца?

— Зборная Германіі. І яшчэ люблю глядзець гульню італьянцаў.

— І за што падабаюцца? Гаварыце, не маўчыце. Тым больш, што нашы погляды тут поўнасцю супадаюць. Трэба ж такое…

Яшчэ хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» — урэшце змоўк.

Паўза.

— Якую адзнаку вы хочаце? — нечакана спытаў яго выкладчык Пятро Мацкевіч.

— «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.

— Давайце залікоўку.

Выкладчык Пятро Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.

— Энергія зоркі, — па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, — вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе — лухта.

Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:

— Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.

— А што ў цябе?

— Чатыры балы.

— Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.

Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.

Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і ў чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя вочы дзяўчыны нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.

Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінаючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі выкладчыку Мацкевічу.

— А мне Гавін падабаецца, — нібы насуперак яму сказала Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:

— Ён так глядзіць на мяне, бедны…

— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта накшталт завіўкі. Нават ты такую не зробіш.