Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 17

Юры Станкевіч

* * *

Экзамен па палітэканоміі здавалі з раніцы. Студэнт Ігнат Мазур, які перадусім нават не раскрываў падручніка і ведаў, што гэта бессэнсоўна, бо ўсё роўна ў галаве нічога не застанецца, ён толькі згубіць час на дарэмную вычытку — тым не менш прыйшоў у вучэбны корпус, слаба спадзеючыся, што выкладчык і галоўны экзаменатар Гавін захварэў, альбо трапіў пад трамвай, увогуле атруціўся якім-небудзь нясвежым прадуктам ці падавіўся курынай косткай. Але яго спадзяванні аказаліся марнымі. Хоць на іспытах прысутнічаў і Пятро Мацкевіч, які сядзеў у аўдыторыі за сталом збоку, апытваў усіх, як ужо стала вядома, чамусьці выключна Гавін.

Студэнт Ігнат Мазур убачыў Ваню Гужына і Іосіфа Зялёнку, якія, нібы два слупы стаялі ў кутку калідора ля аўдыторыі, падышоў да іх.

Якраз у гэты момант дзверы аўдыторыі расчыніліся і адтуль, хістаючыся, паволі выйшаў Віктар Ганабец. Ігнат Мазур ведаў, што той родам з няблізкай Малдавіі, вучыцца яму тут было цяжка: далёка ад дому, ды і ўвогуле, нейкі ён нібы затарможаны.

Чарнавалосы, жукаваты, цяпер ён быў бледны і нібы нечым аглушаны.

— Заваліў. На пераздачу, — вымавіў ён і папрасіў цыгарэту.

Праз некалькі хвілін з дзвярэй выслізнула заплаканая выдатніца Яніна Смоліч.

— Тры балы, — абвясціла яна ў насоўку.

Гэта ўжо было ўвогуле нешта незразумелае, бо ўсе ведалі, што выкладчык Гавін з сімпатыяй адносіўся да жаночага полу, і больш-менш прыгожыя дзяўчаты паспяхова здавалі яму іспыты.

— Чакаем, хлопцы, — давёў Ігнат Мазур занепакоеным Зялёнку і Гужыну. — Можа, Гавіна ў дэканат выклічуць, ці ён захоча есці, або ў прыбіральню.

Між тым іспыт працягваўся. Некалькі дзяўчат нечакана атрымалі добрыя адзнакі, а студэнтка Галіна Самаежка, даволі юрлівая і нахабная, якая змагалася з выкладчыкамі за кожны бал — нават «выдатна». І не дзіва, у галаве ў яе было нешта накшталт камп’ютара, бо яна ведала з кім сябраваць, з кім спаць, а таксама, дзе будзе працаваць і за каго выйдзе замуж.

Тым не менш Самаежка ўмела хаваць гэтыя свае якасці, і Ігнату Мазуру, які інтуітыўна разгадаў яе, станавілася нават не па сабе — вось будзе камусьці шчасце, падумаў ён і цяпер.

Пасля яе Гавін заваліў яшчэ пару хлопцаў, а потым зноў даў слабіну — у асноўным да дзяўчат. Але час ішоў, і чарговай ахвярай выкладчыка стаў рахманы і бяскрыўдны Міхась Байкоў — выхадзец з вёскі. Міхась да вучобы паспеў папрацаваць паляводам у калгасе і таму, як кажуць, зубамі трымаўся за навуку.

На гэты раз не дапамагло.