Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 21

Юры Станкевіч

— Што з таго, Юля?

— Паехалі на вакацыі да мяне. Да Сімферопаля на самалёце, а там ужо побач. Ты, бачу, здзіўлены?

Паўза.

— Вядома, здзіўлены. Дзякуй табе за ўсё, але…

— Што так? — перапыніла яго дзяўчына.

— Трэба дапамагчы маці, а па-другое — у мяне няма лішніх грошай. У якасці каго я прыеду?

— Ну вось твая беларускасць усплыла: як, чаму? Ды каб не назаляць… Мае старыя — гасцінныя: бацька — загадчык гандлёвага аддзела ў абырвалзе, а маці…

— Што за абырвалг?

— Ты ж у Булгакава памятаеш?

— А, — здагадаўся Ігнат Мазур. — Гэта ж Шарыкаў усё наадварот чытаў.

— А маці — выкладчыца мовы і літаратуры ў школе. Ты з ёй адразу паразумеешся. Прычым тут грошы? Урэшце, я адзін раз прапанавала, а другі — не буду.

Ён не стаў тлумачыць Юлі Мараковай, што ў маці даўняя хвароба, якая носіць назву гіпатырэёз, і што ёй штодня трэба прымаць лекі. Маці ж хоць і выйшла на пенсію, змушана працаваць, бо пенсія ў яе зусім малая: яе, жонку «ворага народа», некалі з літасці ўзялі на працу на адзін занядбаны заводзік, дзе і зарплаты па сутнасці не было. Так што вакацыі не для яго. Вядома, ён з задавальненнем пазагараў бы на марскім пляжы і ўсё такое, але… Ды і як бы ён паглядзеў у вочы яе бацькам, штодня аб’ядаючы іх і не маючы ў кішэні лішняга рубля?

— Не крыўдуй, Юля, — расчуліўся ад нечаканай шчырасці дзяўчыны Ігнат Мазур, — такі я ўжо чалавек і іншым пакуль быць не магу, а вакацыі кароткія. Пабачымся. Ёсць і іншыя праблемы, але потым, потым…

Ноччу ён доўга не мог заснуць. Успомніў, што так і не пайшоў да Ані Балтас, а між тым абяцаў і даўно варта. Прыгадалася яе старэйшая сястра — у яе словах таксама прысутнічала даволі рэальна жыццёвая жаночая мудрасць. Але жанчыне варта выбіраць сабе мужчыну ў спрыяльным узросце, каб нарадзіць здаровых дзяцей, і менавіта такога, які здольны забяспечыць сям’ю. Ужо два гады, як яны сустракаюцца з Аняй, праўда, апошнім часам зрэдку. За гэты час яна магла б, як і старэйшая сястра, знайсці сабе паспяховага мужчыну, мінчаніна, а не ехаць кудысьці ў свет па размеркаванні.

Вось і Юля Маракова свядома ці падсвядома шукае сабе спадарожніка па жыцці. І жыццё тое, як казаў ім раней выкладчык Мацкевіч, вельмі, нават нечакана — кароткае. Яму, Ігнату Мазуру, і яе шкада. Калі б ён быў якім забяспечаным мусульманінам, ён бы ўсіх траіх трымаў пры сабе. Хоць той жа заўзяты кавэзэншчык Ваня Гужын кажа: «Бабу пашкадуеш — сам бабай акажашся». Ды хто такі Гужын? А выбар, між іншым, ужо амаль зроблены. Калі з нядаўняй пары Света Конкіна побач з ім — ён ужо шчаслівы.

Раптам студэнт Ігнат Мазур чамусьці зноў успомніў мастацкую стужку, у якой галоўны герой пакутуе ад таго, што не ведае, каго выбраць з дзвюх жанчын, і ягонае пачуццё кахання да іх абедзвюх настолькі моцнае, што ён псіхалагічна не вытрымлівае і даходзіць да суіцыду…

Толькі пад раніцу, калі ўжо світала, студэнт Ігнат Мазур раптоўна заснуў.