Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 18

Юры Станкевіч

Як высветлілася, выкладчык Гавін спытаў у Міхася Байкова пра асноўнае ў вучэнні Рыкарда, але той не ведаў. Тады Гавін пацікавіўся, ці чытаў студэнт Байкоў хоць што з распрацовак Фрыдрыха Энгельса па тэме, а так, як гэта ў праграму не ўваходзіла, Байкоў толькі лыпаў вачыма. Урэшце, ён пачаў нешта гаварыць па пытанні ў білеце, але праз хвіліну Гавін перапыніў яго і спытаў, што еў студэнт Байкоў на сняданак. «Сала з хлебам», — шчыра адказаў той. «І часнаком?» — пацікавіўся Гавін. «Так», — кіўнуў Міхась Байкоў. «Калі будзеце пераздаваць, дык ужывайце ўжо без часнаку», — сказаў выкладчык Гавін і скончыў апытанне.

— Дык вампіры не выносяць часнок, — заўважыў Байкову Ігнат Мазур. — А ты, братка, натрамбаваўся ім з раніцы. Вось і атрымаў…

Урэшце выкладчык Гавін, мабыць, прытаміўся, папрасіў Пятра Мацкевіча сесці насупраць яго у кут аўдыторыі і дапамагаць прымаць іспыт. Усё гэта даносілі тыя, хто выходзіў з аўдыторыі пасля іспыту.

Трое змоўшчыкаў, між тым, адразу акрыялі. Цяпер трэба было пралічыць усё так, каб трапіць менавіта да выкладчыка Мацкевіча, што аказалася не проста. Першаму ўдалося трапіць да яго выкрутліваму Іосіфу Зялёнку. Праз хвілін пяць ён выскачыў з аўдыторыі і адразу піхнуў туды Ваню Гужына.

— Ідзі. Ха-ха…

— Што? Як? — пачалі пытацца ў Зялёнкі дзяўчаты.

— Ледзь выратаваўся, — хітрыў той. — Джаліць, як пчала. Пытанне за пытаннем.

Але ўбачыўшы Ігната Мазура, адразу кінуўся да таго, зашаптаў у вуха:

— Станавіся ля дзвярэй. Нікога да Мацкевіча не прапускай, ідзі сам. Толькі да яго, інакш табе капец. Урэшце, сам ведаеш.

— Пакажы залікоўку, — сказаў Мазур.

— Ну зірні на арыфметыку.

У графе за іспыт студэнт Ігнат Мазур убачыў лічбу «5» і подпіс Мацкевіча.

— Дык ты ж казаў…

— Мала што я каму казаў. Наперад, сябра. Пара.

Студэнт Ігнат Мазур з залікоўкай у руках стаў ля дзвярэй. Неўзабаве яны адчыніліся, але з аўдыторыі выйшла як самнамбула стараста курса Уразава. На яе заўсёды жыццярадасным твары чыталіся разгубленасць і яўнае незадавальненне. «Тры, тры балы», — загаманілі вакол дзяўчаты.

З велічнай млявасцю тым часам з аўдыторыі выплыла генеральская дачка Паліна Басаргіна.

— Пяць балаў, — абвясціла яна. — Гавін запаў на мяне, век Парыжа не бачыць.

Трэба было заходзіць менавіта Ігнату Мазуру, але той рашуча адмовіўся:

— Пачакаю.

Замест яго, а значыць да выкладчыка Гавіна, пайшоў вядомы на курсе зубрыла і, як хадзілі чуткі, — стукач, выдатнік Павел Слімакоў.

Ужо моцна нервуючыся, студэнт Ігнат Мазур чакаў выхаду Вані Гужына. Як толькі той паказаўся з дзвярэй, Мазур пасунуўся ў аўдыторыю.

«Да выкладчыка Мацкевіча, — круцілася думка. — І каб трапіць толькі да таго».

У аўдыторыі было чыста, светла і пахла сумессю таннай жаночай парфумы і кветак. На стале перад выкладчыкам Гавіным стаяла вазачка з букетам. Сам выкладчык — укормлены, самазадаволены, карыкатурна імпазантны — разглядваў, нібы нецікавае яму насякомае, узмакрэлага ад напругі студэнта Паўла Слімакова.

У супрацьлеглым кутку за сталом адзінока сядзеў выкладчык Пятро Мацкевіч. Яго спакойны, крыху іранічны твар з жывымі, разумнымі вачыма быў павернуты да напаўрасчыненага акна, за якім квола зелянела некалькі таполяў.