Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 16

Юры Станкевіч

* * *

Намеснік дэкана па ідэалогіі і выхаваўчай працы Пушко, на мянушку «Кум», пэўна, быў «адтуль», хутчэй за ўсё свежаспечаны пенсіянер, які здолеў у патрэбны час зручна ўладкавацца на ўтульную цывільную пасаду. Ён часта зніаў у службовым пакойчыку лабаранта Епіфанава, а то выклікаў да сябе ў кабінет асобных студэнтаў і вёў з імі нейкія, зразумелыя толькі яму, гутаркі.

На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава прыняла іспыт у студэнта Ігната Мазура і паставіла яму ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку «выдатна», яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.

Дэкан быў строгі, сядзеў за сталом і перакладаў на ім нейкія паперы. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё зараз гаварыла яму, што дэкан, былы баявы лётчык, хоць і строгі, але справядлівы. А студэнт Ігнат Мазур не разумеў, чаму яго выклікалі. Запазыкі па заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? — губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.

Урэшце дэкан Парэцкі адклаў у бок паперы, кінуў позірк на студэнта і сказаў:

— Сядайце.

Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.

— Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? — спытаў дэкан Парэцкі.

— Ніхто, — пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.

— Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?

— Бадай што так.

— Вы так шмат ведаеце? Не жадаеце пачуць што-небудзь новае?

— Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, — стрымана зманіў студэнт Ігнат Мазур.

Паўза.

— Гэта я яшчэ праверу, — відавочна памякчэў дэкан Парэцкі. — А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх і парушаць нельга. Вам гэта зразумела?

— Так.

— Ідзіце.

«Хто ж мог данесці?» — думаў Мазур, выйшаўшы ад дэкана.

* * *

Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, ён прынёс зацяжныя халодныя дажджы.

У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць цеплыню.

У адзін з такіх халодных дзён у сваёй аднапакаёвай кватэры засіліўся Мазураў аднакурснік Язэп Гарай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў.

Але, як яшчэ казалі, асноўнай прычынай суіцыду Гарая была не заваленая сесія, а праблемы з псіхікай. Казалі, быццам ведаючы гэта, яго каварна выкарыстала нейкая жанчына, якую ён, цяжарную ад іншага, прытуліў у сябе. Казалі, нібыта тая жанчына пачала цягаць яго па судах, каб адабраць кватэру, альбо нейкія грошы.

Усё гэта стала вядома на факультэце, трагедыя ўсхвалявала ўсіх: і студэнтаў, і выкладчыкаў, Мазура таксама, і ён запісаў у нататнік некалькі сваіх меркаванняў пра здарэнне:

Язэпа Гарая я ведаў параўнальна нядоўга, і ён рабіў уражанне ўпэўненага і самадастатковага, але вельмі нервовага чалавека. Выключна здаровы фізічна, займаўся, як аматар, цяжкай атлетыкай (выціскаў лежачы сто кілаграмаў, прысядаў са стапяцідзесяццю), жыў у сваёй кватэры і не меў патрэбы ў грашах. Што падштурхнула яго да суіцыду, дакладна невядома нікому. Калі самае вялікае няшчасце ў жыцці — смерць, то чаму ён выбраў менавіта гэта? Ніхто на курсе не ведаў і той жанчыны, якую ён прывёў да сябе. Думаю, асноўная прычына ў ёй. Як я дзесьці вычытаў, псіхолагі сцвярджаюць, што чалавеку ўласцівыя тры асноўныя інстынкты: палавы, нянавісць да сябе падобных і імкненне да смерці. Ахвярай якога ці ўсіх разам стаў Язэп Гарай? Невядома. Дарэчы, засіліцца лічыцца ў свеце даволі ганебным.