Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 14

Юры Станкевіч

Паўза.

— Я сам не ведаю, — урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.

— У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так — нічога не зробіш. Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў — такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.

— Пра тэлегонію — ад сястры пачула?

— Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна — разумніца, не тое, што я.

— Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, — сказаў Ігнат Мазур, — але такая разважлівасць у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж — нявінніцай і — за багатага, жыць — у сталіцы.

— Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе, — сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. — Ніхто навокал цябе не ведае, ты — вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абое з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа — ён мінчанін, яму трыццаць гадоў, нежанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.

— Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, — нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.

Ён раптам уявіў сабе, як яго сяброўка і даўняя каханка Аня Балтас кладзецца ў ложак з незнаёмым яму мужчынам, як той пачынае яе лашчыць… У горле ў яго перахапіла, кроў кінулася ў твар.

— Не, толькі не гэта, — выдыхнуў ён.

І падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго прамога адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае, і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. І зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з адной замежнай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.

— Дык што ж мне рабіць, Ігнат? — спытала між тым студэнтка Аня Балтас. — Ты зараз у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. І я ж не плакацца прыйшла, праўда?

У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучала нейкая папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: «Мама, я злодзея люблю». Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. «Пляваць», — падумаў ён.

— Ты зможаш крыху пацярпець, Аня? — спытаў ён. — Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчыкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там вельмі і вельмі строга. Там могуць і загнобіць. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, — гаварыў ён, тым не менш разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала вельмі шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.