Читать «Паўночны вецер для спелых пладоў» онлайн - страница 12

Юры Станкевіч

— Добры вечар, Святлана, — ветліва сказаў студэнт Ігнат Мазур і дадаў: — Фортку б адчыніла. Паліць жанчынам — шкодна.

— Адчыні, — абыякава ўсміхнулася дзяўчына.

— Шукаў Маракову, але ў іх ціха.

Святлана Конкіна паціснула плячыма.

— «Шел в комнату — попал в другую», — працытавала яна грыбаедаўскі радок са школьнай праграмы і патлумачыла: — Там, бывае, рана кладуцца спаць. А можа, куды сышлі.

— Я прысяду, — сказаў нечакана для сябе Ігнат Мазур.

— Прысядзь, — паморшчылася яна.

Студэнт Мазур пасунуў да яе ложка зэдлік і сеў. Твар яго аказаўся амаль на адным узроўні з аголенымі нагамі дзяўчыны. Жаданне пасунуцца ўсутыч і прыпасці тварам да гэтых ног раптам хваляй абрынулася на яго. Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле і заціснуў у перасохлыя вусны цыгарэту.

— Ты падслухоўвала, калі я дамаўляўся з выкладчыцай Ліцвінавай, — сказаў ён. — Навошта?

Дзяўчына пакрывіла невялікі рот з пульхнымі вуснамі, выдыхнула дым і патлумачыла:

— А я люблю падслухоўваць. І падглядваць.

Яна нахілілася, каб стрэсці попел. Халацік яе расхінуўся і студэнт Ігнат Мазур убачыў, што станіка на ёй няма, а грудзі з цёмнымі смочкамі зусім маленькія. Скура і на іх была смуглаватая. Дзяўчына зноў выпрамілася і захінулася шчыльней.

— А кватаранткі дзе? — кіўнуў на пустыя ложкі Ігнат Мазур.

— Чарговага дурапляса пабеглі глядзець. На канцэрт. Кветачкі яму панеслі, ідыёткі. Хутка прыпруцца. «Як ён спяваў, як спяваў: ля-ля-ля! Ля-ля-ля! Першакурсніцы».

— Ну, а ты на першым курсе хіба не бегала на якога-небудзь Магамаева ці Бюль-Бюль-аглы? — рызыкоўна спытаў Ігнат Мазур.

— Дарэмна іранізуеш. Магамаеў, прыкладам, вельмі прыгожы мужчына.

— Я лічу, што ў большасці жанчын вычварэнскі густ. Ды гэта амаль усе літаратурныя класікі заўважылі.

— Значыць, і я з ліку тых жанчын. Табе што да гэтага?

— Дык усё-такі бегала? З вырачанымі вочкамі? — нямаведама чаму пачынаў злаваць Ігнат Мазур. — Ну, кветкі — гэта прыстойна, цалкам адэкватна і ўвогуле традыцыя. Але там-сям істэрычныя німфэткі ў стане афекту закідваюць сцэну і сваімі майткамі.

— У цябе такое багатае ўяўленне?

— Бывае і багацейшым.

— Могуць і не зразумець.

— Ну, ты ж у тэме? У мяне, дарэчы, з’явілася пачуццё, што мы з табой шмат у чым аднолькавыя. Ты б на лекцыях менавіта ля мяне прысаджвалася. Вось бы і нашапталіся. Праўда, праўда, чаму ты ўсміхаешся?

Студэнтка Святлана Конкіна выдыхнула дым і патушыла цыгарэту. Твар яе набыў халодны выраз.

— Так, маеш рацыю. Прыкладна, канешне. І вочкі, і кветкі, і ўсё такое. Было. Славак адзін прыязджаў, я два разы на яго канцэрт схадзіла. Ён мне нават сваю пласцінку ахвяраваў. А цяпер пайшоў бы ты прэч. Язык у цябе нядобры. Лепш я ўжо захоплены віск першакурсніц паслухаю.

— Табе побач з імі, пэўна, сумна?

— Мне па-любому сумна. Асабліва адвячоркам, на захадзе сонца. Разумееш такое?

— Так, і мне знаёма, — пацвердзіў студэнт Ігнат Мазур, — «калі снег мокры падае, а праз яго ліхтары газай мігцяць»…