Читать «Ксю» онлайн - страница 9

Андрэй Федарэнка

VI.

Вечарам Аляксей сядзеў у Жэні на ганку, і размяклы, добры, назіраў, як сонца заходзіць у хмару. Да Жэневай хаты пад’ехаў знаёмы дачнік, пасігналіў — маўляў, еду ў горад, у машыне ёсць месца, ці не трэба падкінуць. Жэня яшчэ раней, у чаканні выхадных, напакаваў пляменніцам гасцінцаў. На агародзе ўжо расла маладая бульба, раннія гуркі, познія цыбуля і часнок. Плюс «прысмакі» (яны з Рэвутам нядаўна растрыбушылі чарговы вагон).

Жэня — знарок, вядома, бо не такія цяжкія былі гасцінцы, каб самому не ўправіцца, прапанаваў Аляксею:

— Збірайся, паможаш, — а калі той пачаў муляцца, сказаў цвёрда, загадным тонам: — За кампанію!

На ўездзе ў горад пацямнела, пайшоў дождж, дачнік уключыў дворнікі. Каля ўніверсама Жэня папрасіў яго спыніцца, сунуў Аляксею грошы: «На, збегай. Адной вам хопіць?» Пад’ехалі да блочнага пяціпавярховіка, дачнік у машыне застаўся чакаць, Аляксей з Жэнем падняліся на трэці паверх. Дзверы адчыніла Ксю, і адразу ж на пляцоўку прашмыгнула Наста. Адна шчака ў яе была тоўстая ад ваты і перакрыжаваная лейкапластырам:

— А ў мяне — во!

— Бесталковая, — сказала Ксю, радасна, адкрыта гледзячы на Аляксея.

— Дагулялася, дабегалася, пакуль у дзвярах на кухню ледзь шкло галавой не вынесла. Тры швы наклалі.

— Тры! — пацвердзіла з гонарам Наста, растапырыўшы пальчыкі.

Не заходзячы ў кватэру, Жэня паставіў долу ношку.

— Ну, ты пабудзеш? — дзелавіта, нібы між іншым сказаў Аляксею. — Яшчэ два аўтобусы вячэрнія, дабярэшся. А я з дачнікам. Мяне там унізе машына чакае, — патлумачыў ён Ксю. — А дзе Света?

— Спытай што лягчэйшае. У чэха свайго.

— А! Ну, прывітанне ёй, — Жэня нязграбна, віхляючы задам, пайшоў уніз.

— Дык чэх існуе? — разгублена спытаў Аляксей. — Я думаў, ты падманваеш, разыгрывает мяне…

— Яшчэ як існуе. Знайшоў каму верыць — Свеце. Не ведаю, што яна табе абяцала, але верыць ёй — сябе не паважаць.

— Тады, можа, і я паеду? З імі? Пакуль машына…

— Вось смешны. Куды ты паедзеш? Праходзь! Кавы пап’ем.

У дзвярах на кухню шкла ў ніжняй палавінцы не было зусім. Цікаўная Наста і цяпер круцілася пад нагамі.

— Наста, ідзі спаць, — Ксю ўключыла святло, бо за вакном цямнела. — Дождж пачынаецца.

— А ў мяне парасона няма.

— Можа, ён не спатрэбіцца.

— Як гэта?

— Начуй тут.

— А Света?

— У нас два пакоі. Усім хопіць месца. Ды можа яшчэ і не прыйдзе яна. Наста, спаць ідзі…

Ён падумаў пра маці, што не папярэдзіў яе. Як малы. Маці пачне хвалявацца, пабяжыць да Жэні. Што ёй Жэня скажа? Што твой сын у маіх пляменніц начуе? Ксю сірата, не разумее, як гэта — калі за цябе перажывае родны чалавек.

— Аляксей, ты есці хочаш? Катлеты з макаронамі.

— Ты ўмееш гатаваць?

— З дванаццаці гадоў усё, што хочаш, — з гонарам адказала яна. — Наста, ты ж паела! — ідзі спаць…

У яго адразу пацяплела на душы. Ён не чакаў, што яна можа быць такой хатняй. Разам з тым яго не пакідала адчуванне, што ўсё, што тут адбываецца, трохі несапраўднае — вось як нібы дзеці гуляюць у «абедкі», ці ў «тату-маму».

Але катлеты, макароны, і яго гарэлка, і Жэневы каўбаса з памідорамі — усё аказалася сапраўдным. Аляксей піў, і еў, а насупраць яго, стараючыся пераймаць яго рухі, ела Наста. Сама Ксю, як і належыць гаспадыні, за стол не прысела, пакуль не здаволяцца госці. Яна стаяла, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Дождж даўно барабаніў па шыбах. Залева! І ад гэтага, ды яшчэ ад хмелю ў галаве, знікала адчуванне часу — здавалася, што вельмі позна ўжо. Нарэшце Ксю адвяла малую Насту з парэзанай шчакою спаць.